Малады фронт сустрэўся з кіраўніцтвам мінскага ізалятара
Кіраўніцтва мінскага цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў сустрэлася з прадстаўнікамі Маладога фронту. Размова ішла пра хамскія паводзіны супрацоўнікаў адміністрацыйнай турмы на Акрэсціна.
Нагодай для сустрэчы стала скарга, пададзеная актывісткай Кацярынай Галіцкай супраць капітана Сяргея Есмантовіча, які неаднаразова адмаўляўся выконваць свае службовыя абавязкі. Да таго ж ад міліцыянта актывісты неаднаразова чулі нецэнзурныя і здзеклівыя выказванні.
З гэтай нагоды з прадстаўніцай Маладога фронту сустрэўся намеснік начальніка турмы Дзяніс Апанасевіч.
- Намеснік начальніка цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна выслухаў мае тлумачэнні, больш падрабязна распытаўся пра абставіны справы і запэўніў, што пагаворыць са сваім падначаленым. А я ў сваю чаргу запатрабавала, каб вышэй згаданы капітан прынёс мне прабачэнні і больш так сябе з грамадзянамі не паводзіў. Я так зразумела, што скаргі на дзеянні супрацоўнікаў Акрэсціна падавалі толькі сядзельцы. А грамадзяне, якія проста прыносілі перадачы ці іншым чынам сутыкаліся, ніколі ніякіх скаргаў не пісалі.
Кацярына Галіцкая тлумачыць сваю пазіцыю тым, што з хамствам людзей у форме магчыма змагацца толькі прававым шляхам. Менавіта на такі шлях і спадзяецца актывістка Маладога фронту, якая сама неаднаразова трапляла ў турму на Акрэсціна.