Гомельская міліцыя трэніравалася «працаваць» на мітынгах насупраць дома апазіцыянера (відэа)
17 красавіка раніцай прыватны дом гомельскага апазіцыянера Кастуся Жукоўскага трапіў у поле зроку спецназу і атрадаў міліцыі, якія правялі тут незразумелыя аператыўныя мерапрыемствы кшталту вучэнняў. Варта заўважыць, што насупраць дому Жукоўскага размешчаны следчы ізалятар, а домаўладанне апазіцыянера спрэс упрыгожана бел-чырвона-белай сімволікай і нацыянальнымі сцягамі.
«Міліцыя выстраілася ў шэраг насупраць майго дома, яны пачалі нешта выкрыкваць, бегаць туды-сюды са шчытамі і дубінкамі, затым былі чутны выбухі. Здавалася, што яны сабраліся браць мой дом штурмам. Добра, што дома не было маёй дачкі, яе б гэтыя крыкі і выбухі напалохалі б. Думаю, нездарма гэтыя вучэнні, ці што гэта было, праводзіліся насупраць майго дому, упрыгожанага сцягамі - такім чынам фармавалі вобраз ворага ў міліцыі і спецназу», - лічыць Жукоўскі.