viasna on patreon

У Берасьці прадстаўнік адміністрацыі не разумее па-беларуску

2006 2006-10-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

5 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёну г.Брэста распачаўся судовы працэс па зыску Андрэя Шарэнды, які не пагадзіўся з пакараньнем ў 30.000 рублёў, накладзеным на яго Адміністратыўнай камісіяй адміністрацыі Маскоўскага раёну за парушэньне ч.3 арт 172 КаАП “распаўсюджваньне друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных, зьмест якой накірваны на нанясеньне шкоды дзяржаве і грамадзкаму ладу…”

З гэтым А.Шарэнда катэгарычна ня згодны, таму што фармулёўка “без выходных дадзеных” тычыцца пэрыядычных выданьняў, якімі ўлёткі не зьяўляюцца; а фармулёўка “зьмест якіх накірваны на нанясеньне шкоды дзяржаве і грамадзкаму ладу” надуманы, таму што ён распаўсюджваў інфармацыйныя ўлёткі-запрашэньні на мітынг, прысьвечаны чарговай гадавіне прыняцьця “Дэклярацыі Незалежнасьці”, які быў санкцыянаваны гарадзкімі ўладамі.

Андрэй Шарэнда лічыць, што міліцыянты, якія складалі на яго пратакол, і адміністратыўная камісія парушылі правы, гарантаваныя яму арт. 34 Канстытуцыі і арт. 19 Міжнароднага пакту ААН “Аб грамадзянскіх і палітычных правах” дзе запісана, што кожны мае права атрымоўваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі згодна перакананьняў.

На пачатку судовага разьбіральніцтва Шарэнда заявіў хадайніцтва весьці паседжаньне на беларускай мове. Судзьдзя высьветліў, што прадстаўнік адміністратыўнай камісіі адміністрацыі Маскоўскага раёну г.Брэста не валодае беларускай мовай. У выніку чаго са згоды абодвух бакоў разгляд справы быў прыпынены на месяц дзеля самастойнага вырашэньня спорнага пытаньня бакамі і пошуку перакладчыка для прадстаўніка адміністрацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства