viasna on patreon

Севярынец можа быць умоўна-датэрмінова вызвалены

2012 2012-04-17T12:49:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Адзін з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец можа быць ўмоўна-датэрмінова вызвалены 19 красавіка.

Паводле яго слоў, 19 красавіка надыходзіць тэрмін, зыходзячы з якога ён можа быць вызвалены ўмоўна-датэрмінова. Аднак ніякіх прашэнняў аб памілаванні ён не пісаў. Хоць у дзяжурцы яму кажуць, што вось Саннікава і Бандарэнку вызвалілі, і раяць Севярынцу напішась прашэнне. "Але гэта, хутчэй, на ўзроўні заўваг, таму што ўсе ведаюць - ніякага прашэння аб памілаванні пісаць не буду ", - сказаў Севярынец.

Яго маці, Таццяна Севярынец, падтрымлівае такое рашэнне сына, але і надзею на яго вызваленне не губляе.

- Я была ў яго і каторы раз кажу, што можа гэта ўжо ў апошні раз, дасць Бог. Павал хоць і не за кратамі ў поўным сэнсе, але ён адзін з тых, хто ніякага прашэння пра памілаванне пісаць не будзе. Я б вельмі хацела, каб ён быў на волі, гэта зразумела. Але пры той умове, што будзе поўная рэабілітацыя.

Павел Севярынец у сваю чаргу лічыць, што няма "ніякіх знакаў, якія сведчылі б пра магчымасці вызвалення". "Як правіла, камісія збіраецца ў канцы месяца і разглядае не адно ўмоўна-датэрміновае вызваленне, а некалькі такіх спраў. Справа аб УДВ можа быць разгледжана, а можа і не быць", - паведаміў Севярынец.

16 траўня 2011 года Севярынец, які падчас выбараў 2010 года кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, быў асуджаны судом Заводскага раёна Мінска да трох гадоў абмежавання волі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх. Ён адбывае пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства