Павал Красоўскі падазраецца ў дачыненьні да тэракту ў Віцебску
Учора, 4 кастрычніка, у жодзінскай кватэры моладзевага актывіста Паўла Красоўскага быў ператрус, пасьля якога быў канфіскаваны кампутарны блёк, дыскі і друкаваная прадукцыя. Затым Красоўскага на міліцэйскай машыне даставілі ў Віцебск і прапанавалі за свой кошт уладкавацца ў гатэль, а раніцай выклікалі да сьледчага.
Цэлы дзень спадара Красоўскага дапытвалі ў якасьці сьведкі па справе аб выбухах у Віцебску 14 і 22 верасьня 2005 году. Допыт скончыўся вынясеньнем падазрэньня ў дачыненьні да падрыхтоўкі злачынства, скіраванага на забойства асабліва небясьпечным спосабам. У адпаведнасьці з артыкулам 139 ч.2 Крымінальнага кодэксу Красоўскаму можа пагражаць сьмяротная кара. Цяпер Павал Красоўскі лічыцца афіцыйна затрыманым як мінімум на 6 дзён у якасьці падазронага.
Сьледчыя мяркуюць, што спадар Красоўскі падобны да фотаробата злачынцы, які летась ўчыніў выбухі ў Віцебску, складзенага паводле апісаньняў сьведак. Спадар Красоўскі адмаўляе сваю датычнасьць да тых падзей.
За год пошукаў міліцыя не знайшла вінаватых у віцебскіх выбухах, нягледзячы на тое, што А.Лукашэнка публічна летась казаў, што злачынцы ўжо затрыманыя і даюць паказаньні.
Сёньня ж спадара Красоўскага накіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
.