viasna on patreon

Быхаўчанін спрабуе прыцягнуць да адказнасці міліцыянта, які падрабіў пратакол

2012 2012-04-16T14:22:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shachanok-buhel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Шачанок і праваабаронца Барыс Бухель

Аляксандр Шачанок і праваабаронца Барыс Бухель

Жыхар вёскі Дабужа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандр Шачанок спрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ўчастковага міліцыянта, які сфабрыкаваў супраць яго адміністрацыйную справу і пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. На пратаколе былі падроблены подпісы яго і ягонай жонкі, а таксама фраза “С моих слов записано и мной прочитано вслух”.

З гэтай нагоды Аляксандр Шачанок накіраваў скаргу Пракурору Магілёўскай вобласці на пастанову следчага па асабліва важных справах следчай групы Быхаўскага раёна аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь маёра юстыцыі Самусенки аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па арт.427 ч.1 КК ”Службовы падлог”.

Быхаўчанін хоча, каб пастанова следчага Самусенкі была адменена і была праведзена паўторная праверка фактаў, выкладзеных ім у заяве.

Вынікі экспертызы почарку (якіх ужо было тры) пацвердзілі, што зроблены запіс і подпісы не належаць ні Аляксандру Шачанку, ні ягонай жонцы, аднак міліцыянта Віталя Вашчылу, з ведама якога адбывалася падробка пратаколу, пакаралі толькі вуснай вымовай за неправамернасць ягоных дзеянняў. Выявіць асобу, якая распісвалася замест Аляксандра Шачанка, устанавіць не ўдалося. Міліцыянт Вашчыла працягвае стаяць на сваім, што Аляксандр Шачанок падпісваўся стоячы, і гэта магло сказіць ягоны почырк.

Нагадаем, што бытавая спрычка паміж Аляксандрам Шачанком і ягоным суседам з-за сметніцы бытавых адыходаў стала нагодай для судовага разбіральніцтва. Пра тое, што Аляксандр Шачанок фігуруе ў адміністрацыйнай справе, ён даведаўся пасля таго, як яму прыйшла позва ў суд. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён збіў сваю суседку. Падчас судовага пасяджэння быхаўчанін азнаёміўся з матэрыяламі справы і заявіў, што на пратаколе подпісы і запіс зроблены не ягонай рукой. Сфабрыкаваная супраць мужчыны справа развалілася ў судзе, бо не было нават заявы пацярпелай.

“Мы бачым абсурднасць сітуацыі, - гаворыць праваабаронца Барыс Бухель, - тры экспертызы ўстанавілі, што подпіс і запіс зроблены не Аляксандрам Шачанком. Кім зроблены гэты запіс – ведае толькі ўчастковы міліцыянт Віталь Вашчыла, які складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і з ведама якога нехта распісваўся замест Шачанка. Думаю, што ў гэтай справе міліцыянты і следчыя хочуць прыкрыць свайго супрацоўніка і не даць ходу крымінальнай справе.

Калі ж яны сапраўды вераць у невінаватасць свайго супрацоўніка, то няхай апытаюць яго на дэтэктары хлусні і такім спосабам дакажуць, што словы міліцыянта праўдзівыя. На кану стаіць гонар, імідж і прэстыж магілёўскай міліцыі. Калі ў яе шэрагах працуюць такія прайдзісветы і іншыя спрабуюць такіх пярэваратняў пакрываць, то што можна казаць пра бяспеку нашых грамадзянаў і прымяненне закону на практыцы”.

Трэба адзначыць, што пасля таго, як стала вядома пра падробку адміністрацыйнага пратакола міліцыянтам Вашчылай інфармацыя пра гэта была выкладзена ў інтэрнэце. Замест таго, каб разабрацца ў гэтай сітуацыі, прапагандысты з міліцыі праз артыкул “Каждый имеет право или какое право имеет правозащитник Борис Бухель?” аблілі брудам праваабаронцу Барыса Бухеля і самаго Аляксандра Шачанка, якія выказваліся з нагоды гэтага выпадку. Далей ж ўсе факты, на якія звяртаў ўвагу праваабаронца Барыс Бухель, былі пісьмова пацверджаны ў адказе з пракуратуры.

 

На фота: Аляксандр Шачанок і праваабаронца Барыс Бухель

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства