Абмежаванне на выезд Атрошчанкава - незаконнае
На мінулым тыдні актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандра Атрошчанкава высадзілі з цягніка, калі ён ехаў у Літву. Як паведамілі яму пасля ў аддзеле грамадзянства і міграцыі, ён прызнаны невыязным ў адпаведнасці з пастановай суда Аршанскага раёна і горада Оршы ад 29 сакавіка 2012 г., калі Атрошчанкаву разам з іншымі лідэрамі апазіцыі Калякіным і Лябедзька прысудзілі адміністрацыйны штраф у памеры 350 тысяч рублёў нібыта за дробнае хуліганства ў цягніку.
Аднак на працэсе 29 сакавіка прысутнічала не менш як 10 чалавек - карэспандэнты СМІ, палітычныя актывісты, сваякі затрыманых. Усе яны чулі пастанову аб прыцягненні Калякіна, Лябедзькі і Атрошчанкава да адміністрацыйнай адказнасці, якую агучыла суддзя Наталля Байцова. Ні воднага слова аб абмежаванні права на выезд у пастанове ніхто не пачуў, роўна як нічога падобнага не ўтрымлівалася і ў надрукаваным тэксце, завераным подпісам суддзі і пячаткай.
Больш за тое, Атрошчанкаў да гэтага часу не атрымаў з Аршанскага суда ніякіх апавяшчэнняў аб абмежаванні ў перасячэнні мяжы, як таго патрабуе дзейнае заканадаўства. А яно, дарэчы, прадугледжвае, што грамадзянін можа быць часова абмежаваны ў праве выезду за мяжу, калі ён ухіляецца ад выплаты штрафаў.
Рашэнне аб накладанні штрафу Атрошчанкаў у касацыйным парадку абскардзіў, і яно да гэтага часу лічыцца не ўступіўшым у сілу. Ды і пасля ўступлення ў законную сілу павінен яшчэ прайсці час для пачатку выканаўчай вытворчасці і прыняцця рашэння аб прымусовым выкананні ў выпадку адмовы ад выплаты. Выходзіць, што наогул няма ніякіх падстаў для накладання на яго якіх-небудзь абмежаванняў.
Аршанскія праваабаронцы ў такой сітуацыі ўвогуле сумняюцца ў тым, што рашэнне Аршанскага суда аб нявыездзе Атрошчанкава мела месца. На іх погляд больш падобна на тое, што гэтыя рашэнні прымаюцца нейкімі іншымі органамі, якія пасля спрабуюць адлюстраваць нейкую бачнасць законнасці.