Незалежныя прафсаюзы Брэстчыны аб’ядналіся
У Брэсцкай вобласці Незалежныя прафсаюзы аб’ядналіся ў Каардынацыйны савет Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. Мэта стварэння такога савету, па словах старшыні абласнога прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіды Міхнюк – разам весці перамовы з наймальнікамі і ўладай адносна паляпшэння жыцця працоўных Брэсцкай вобласці.
Стварэнне такога савету прыспешыў суд над кіраўніком суполкі Незалежнага прафсаюзу гарнякоў на “Граніце”Алегам Стахаевічам, падтрымаць якога з’ехаліся прадстаўнікі розных незалежных прафсаюзных арганізацый.
Ідэя Каардынацыйнага савета нарадзілася даўно, але пра стварэнне гэтай супольнай структуры было абвешчана падчас судовага перапынку па справе Стахаевіча. Зінаіда Міхнюк спадзяецца, што іх прыкладам скарыстаюцца незалежныя прафсаюзы і ў другіх абласцях Беларусі.
У Каардынацыйны савет ўвайшлі чатыры суб’екты БКДП, якія існуюць на Брэстчыне: Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў і хімікаў (БНП), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) і прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).