Рэчы Насты Шулейка і Юрыя Ходуса “зьніклі” з міліцэйскага сейфа
Усе асабістыя рэчы актывістаў “Маладога Фронту” Насты Шулейка і Юрыя Ходуса “зьніклі” з дзяжурнай часці ГОМ-1 Ленінскага РУУСа Менска. Разам з іх опісам.
Пасьля суду 12 красавіка, які прызнаў актывістаў вінаватымі ў брыдкаслоўі і пакараў грашовымі штрафамі, яны накіраваліся ў РУУС Ленінскага раёна за асабістымі рэчамі. Аднак дзяжурны міліцыянер, адамкнуўшы сейф, толькі развёў рукамі: “Вашых рэчаў у нас няма”. Затым патлумачыў, што іх забралі людзі з “белага дому”, маючы на ўвазе КДБ. Ён адмовіўся тлумачыць, якім чынам і дзе іх можна вярнуць.
Такім чынам у адначасьсе ў Шулейкі і Ходуса зьніклі пашпарты, заліковая кніжка, мабільныя тэлефоны, грошы, ключы ад аўтамабіля і кватэры, а таксама іншыя асабістыя рэчы,у тым ліку і шнуркі ад абутку. Гэта толькі падцвярджае здагадку, што іх затрыманьне было невыпадковым, а планавалася з пэўнымі мэтамі.
Зараз актывісты тэлефануюць у ГОМ-1 Ленінскага РУУСа, дзе яны правялі ноч і ў упраўленьне міліцыі Ленінскага раёна, каб даведацца пра лёс сваіх рэчаў.