У акадэмічнага дырэктара BISS Пікуліка забралі пашпарт «па падазрэнні ў падробцы дакументаў»
Акадэмічнага дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (Вільня, BISS) Аляксея Пікуліка 6 красавіка пратрымалі ў міліцыі 8 гадзін. У яго канфіскавалі пашпарт і IPad.
«У той дзень, а 11:40 у Мінску машыну Аляксея Пікуліка спынілі супрацоўнікі ДАІ і запатрабавалі прайсці ў РУУС Цэнтральнага раёна для правядзення працэдуры апазнання. Акадэмічнага дырэктара BISS, прафесара Еўрапейскага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу западозрылі ва ўдзеле ў бойцы і ў падробцы дакументаў. На падставе апошняга падазрэнні ў яго забралі пашпарт і IPad, — гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным Пікулікам. — У 19:40 таго ж дня Аляксей быў паўторна спынены супрацоўнікамі ДАІ і дастаўлены ў ГАУС г. Жодзіна (затрыманне адбывалася на трасе) па падазрэнні ў выкарыстанні падробленых дакументаў. Прыкладна ў гадзіну ночы яго адпусцілі.
Да гэтага часу А.Пікуліку не далі якой-небудзь інфармацыі аб тэрмінах вяртання канфіскаваных у яго рэчаў пасля экспертызы і не даюць сустрэцца з адказнымі асобамі ў МУС, спасылаючыся на тое, што патрэбныя супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС знаходзяцца на аператыўных мерапрыемствах», — гаворыцца ў інфармацыі, якую распаўсюдзіў Пікулік.
Інфармацыю Пікулік распаўсюдзіў толькі сёння, калі яму стала ясна, што справа не вырашаецца сама сабой.
12—13 красавіка Пікулік быў запрошаны выступіць на
міжнародным форуме Globsec у Браціславе. Канфіскацыя пашпарта сарвала паездку.