Судзейская салідарнасць
У адказе, які атрымала прадпрымальніца Людміла Крыловіч за подпісам старшыні Ленінскага раённага суда Галіны Кужалевай, адзначаецца, што нетактоўных паводзінаў, грубасці, перадузятага стаўлення і знявагі з боку суддзі гэтага суда Трапынінай не было выяўлена.
Да такой высновы старшыня суда прыйшла пасля ўзятых у суддзі Трапынінай тлумачэнняў.
Нагадаем, што Людміла Крыловіч асабіста заносіла скаргу ў суд на гарвыканкам за адмову выдаць ёй завераныя копіі дакументаў справы, сфармаванай па яе скаргах на ўласніка гандлёва цэнтра “Прэстан”, які адмовіў жанчыне ў прадаўжэнні арэнды за яе актыўную дзейнасць па абароне правоў прадпрымальнікаў.
Скаргу ў Людмілы Крыловіч прымала суддзя Трапыніна, якая на той момант была дзяжурнай. Людміла Крыловіч патлумачыла прычыну свайго пазову, і суддзя прыняла дакументы для разгляду ў судовым працэсе. Праз некаторы час Людміла Крыловіч атрымала па пошце вызначэнне суддзі Трапынінай аб прыпыненні яе справы ў сувязі з тым, што суду, нібыта, незразумела, чаго прадпрымальніца хоча ад гарвыканкаму.
Пасля атрымання вызначэння Людміла Крыловіч палічыла стаўленне да яе перадузятым і напісала скаргу на імя старшыні суда з просьбай перадаць справу іншаму суддзі, тым больш, што падчас размовы суддзя Трапыніна з ухмылкай выказала перадузятую ўласную ацэнку “Шмат хочаце”.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што такі адказ на скаргу быў відавочным, бо калі б старшыня суду прызнала яе абгрунтаванасць, то суддзю прыйшлося б пакараць.
“Вопыт паказвае, што скаргі на гарвыканкам і іншыя дзяржаўныя структуры суды разглядаюць вельмі перадузята. Гэта звязана з тым, што краіне няма рэальнага падзелу галін улады, у судоў няма незалежнасці і яны фактычна падпарадкаваны дзяржаўнай “вертыкалі””, - гаворыць барыс Бухель.