Пульсуючае сэрца Каваленкі - як мэтафара праўды
10 красавіка судовая калегія Віцебскага абласнога суда прызначыла Сяргею Каваленку комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянара. Са сьнежня ён працягвае галадоўку за Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Тым часам міні-фільм з сэрыі "Хроніка суднага часу", прысьвечаны Сяргею Каваленку, за два дні з часу разьмяшчэньня ў YouTube сабраў больш за 10 000 праглядаў, што зьяўляецца адным з лепшых вынікаў для беларускай праваабарончай інтэрнэт-прасторы.
Супрацоўнікі ПЦ "Вясна" звязаліся з аўтарам фільма, і зьвярнуліся да яго з некалькімі актуальнымі пытаньнямі.
"Вясна": Два дні, больш за дзесяць тысяч праглядаў, салідная па нашых мерках аўдыторыя, як вы лічыце, чаму?
Аўтар: Сапраўднасьць - галоўнае ў асобе Сяргея Каваленкі. Сёньня наважыцца на дэманстратыўны ўчынак мала хто здольны. Людзям трэба герой, каб не губляць апошняе надзеі. Ягоны перасьлед і галадоўка за Сьцяг, за чалавечую годнасьць, за праўду сваім пранізьлівым напружаньнем сягае вышыняў супрацьстаяньня Дабра і Зла. Наш фільм – гэта тое малое, чым мы можам праявіць сваю салідарнасьць з Сяргеем.
"Вясна": Але рэакцыя грамадзтва на галадоўку Каваленкі досыць асьцярожная…
Аўтар: Галоўная праблема нашага грамадзтва -- праблема салідарнасьці. Для мяне асабіста было нечаканасьцю, што наш фільм стаўся першым і пакуль што адзіным пра Каваленку ў інтэрнэт-прасторы. Але колькасьць праглядаў сьведчыць пра тое, што людзі актыўна сочаць за сітуацыяй з Сяргеем. Чалавек паставіў на кон жыцьцё за свае перакананьні, за чалавечую годнасьць, за праўду. Гэта вельмі і вельмі жорсткае супрацьстаяньне з сістэмай, якое чалавек не вытрымае, калі не адчувае за сабой праўды, бо толькі ў праўдзе ёсьць тая сіла, што робіць чалавека нязломным. Людзей гэта ня можа не ўражваць, такія ўчынкі не застаюцца без сьледу, яны зьмяняюць кантэкст.
"Вясна": Пульсуючае сэрца, як мэтафара праўды?
Аўтар: Так, пульсуючае сэрца, як мэтафара праўды. Жорсткая мэтафара, але дакладная і неабходная, яна абсалютна адпавядае нашаму герою, той атмасфэры і таму часу, у якім мы жывем.
Міні-фільм з сэрыі "Хроніка суднага часу", прысьвечаны Сяргею Каваленку, глядзіце тут.