За Паўлам Вінаградавым усталяваны прэвентыўны нагляд
Сёньня а 16-й гадзіне ў судзе Маскоўскага раёну Менска адбудзецца судовае паседжаньне па пытаньні аб усталяваньні прэвентыўнага нагляду за былым палітвязьнем Паўлам Вінаградавым.
На мінулым паседжаньні, якое прайшло 6 красавіка, суддзя Тацяна Мотыль адклала разгляд пытаньня да разгляду Менскім гарадскім судом скаргі Паўла Вінаградава, датычнай апошняга прыцягненьня яго да адміністратыўнай адказнасьці. Разгляд скаргі ў Менгарсудзе запланаваны на 5 траўня. Тым не меньш, Паўла Вінаградава нечакана выклікалі ў суд Маскоўскага раёну на сёньня.
У гэтым годзе Паўла Вінаградава ўжо некалькі разоў затрымлівалі нібыта за брыдкаслоўе і саджалі на суткі. Супрацоўнікі МУС палічылі, што гэта ёсьць падставай для ўзмацненьня нагляду за палітвязьнем.
17-15. За Паўлам Вінаградавым усталяваны прэвентыўны нагляд тэрмінам на 2 гады. Былому палітвязьню забаронена выязджаць з Менску без дазволу міліцыі. Ён будзе абавязаны знаходзіцца дома з 20 да 8 гадзіны і 4 разы на месяц адзначацца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі па месцы жыхарства.