“Маладафронтаўцам” - па 10 сутак
Затрыманых 7 красавіка на станцыі метро “Купалаўская “ Зьміцера Крэмянецкага і Міхася Мускага будуць судзіць у судзе Ленінскага раёна Менска. Выходныя яны правялі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Іх даставілі ў суд каля 11 гадзін.
Пасьля затрыманьня “маладафронтаўцы” адмовіліся праходзіць асабісты агляд без панятых, за гэты былі зьбітыя супрацоўнікамі міліцыі. На іх складзеныя пратаколы паводле артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях — за нецэнзурную лаянку.
Прэсавая служба “Маладога фронту” паведамляе, што юнакоў затрымалі за нашыўку “Малады Фронт” – з бел-чырвона-белым сьцягам і крыжам Эўфрасіньні Полацкай. Затрыманыя нейкім чынам даведаліся імёны двух міліцыянтаў: сяржант Гніледа Андрэй Анатольевіч, старэйшы сяржант Чарноў Сяргей Сямёнавіч.
* * *
Адміністратыўную справу Зміцера Крэмянецкага разглядае суддзя Міхаіл Хома.
Міхася Мускага судзіць суддзя Марына Запасьнік. Міхась Мускі перад пачаткам суду паведаміў, што калі яго пакараюць арыштам - абвесціць галадоўку.
Юнакі заявілі хадайніцтвы пра адвод судзьдзі. Было заяўленае дадатковае хадайніцтва аб аказаньні медыцынскай дапамогі, паколькі іх моцна збівалі пад час затрыманьня.
Суд над Зміцерам Крэмянецкім перанесены. Суддзя Міхаіл Хома задаволіў хадайніцтва і выклікаў яму «хуткую дапамогу». Дактары пагадзіліся са шпіталізацыяй. Як стала вядома, Крэмянецкага вяртаюць са шпіталю ў суд.
Міхася Мускага пакаралі арыштам па двух артыкулах на 10 сутак. Зміцеру Крэмянецкаму таксама 10 сутак арышту.