Судмэдэкспэртыза: Каваленку зьбівалі
Паводле лекара псыхіятрычнага шпіталя пры калёніі «Віцьба-3», дзе трымаюць Сяргея Каваленку, стан ягонага здароўя на 6 красавіка «бязь зьменаў».
«Гэта азначае, што стан па-ранейшаму цяжкі. Бо ўчора лекар казаў, што
ў яго цяжкі стан. Якая тэмпэратура, ціск — лекар не паведаміў. Яго
працягваюць прымусова карміць», — распавяла «Свабодзе» жонка вязьня Алена Каваленка.
10 красавіка ў Віцебскім абласным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай
скаргі на леташні прысуд Сяргею Каваленку — 3 гады «хатняй хіміі». Гэтак
вязьня пакаралі пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга
на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Днямі Алена Каваленка атрымала паперы пра
агляд мужа пасьля таго інцыдэнту. З дапамогай гэтых папер яна будзе
дамагацца адмены таго прысуду.
«Паводле абвінавачаньня, ён нібыта аказаў супраціў міліцыянтам,
а зь ёлкі нібыта ўпаў і атрымаў траўмы. Вось мне перадалі дакумэнт,
у якім засьведчана, што гэтыя траўмы нельга было атрымаць ад падзеньня.
І ёсьць ягоныя паказаньні, што яго зьбівалі, прычым папярэдне скавалі
рукі кайданкамі. Вось цытую:
„Драпіны ў вобласьці прамянёвазапясьцевых суставаў, верагодней за ўсё,
узьніклі ад ужываньня адмысловых сродкаў — кайданкоў. Астатнія цялесныя
пашкоджаньні ўзьніклі ня менш як ад дзевяці траўмуючых узьдзеяньняў
рэчамі, індывідуальныя асаблівасьці якіх ва ўласьцівасьцях пашкоджаньняў
не адлюстраваліся. Дадзеныя пашкоджаньні не характэрныя для ўтварэньня
ў выніку падзеньня з вышыні свайго росту і саўдарэньня з тупымі
прадметамі. Ня выключана, што яны маглі ўтварыцца пры абставінах,
выкладзеных агляданай асобай“.
Такім чынам, гэта ня ён зьбіваў, а яго зьбівалі, і мы гэта дакажам», — кажа Алена Каваленка.
Разгляд касацыйнай скаргі пачнецца а 9:30 10 красавіка.