viasna on patreon

Арганізатары "Чарнобыльскага шляху — 2012" будуць прасіць дазволіць шэсце па праезнай частцы

2012 2012-04-06T14:05:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Заяўка на правядзенне 26 красавіка ў Мінску мітынгу і шэсця з нагоды 26-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС будзе пададзена 10 красавіка.

Пра гэта паведаміў старшыня аргкамітэта па правядзенні акцыі прафесар Юрый Хадыка.

"Сёння прайшло пасяджэнне аргкамітэта "Чарнобыльскага шляху — 2012". Мы ўзгаднілі, што будзем звяртацца ў Мінгарвыканкам з просьбай аб правядзенні шэсця ад Акадэміі навук Беларусі па вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў па праезнай частцы, дзе хочам правесці і мітынг", — сказаў ён.

Паводле яго слоў, "тое, што было дазволена 25 сакавіка (падчас акцыі ў Дзень Волі. — БелаПАН.), было вельмі нязручна, бо вялікая калона перашкаджала людзям, якія стаялі на аўтобусных прыпынках". "Таму мы вырашылі змяніць просьбу. 26-га — гэта будны дзень, народу а шостай вечара будзе шмат на тратуарах. Перамяшчацца вялікай калонай вельмі складана. На мой погляд, калі міліцыя клапоціцца аб небяспецы, лепш вызваліць ад праезду адну паласу, тралейбусы без праблем змогуць рухацца па іншай паласе, цяжкасцяў ніякіх узнікнуць не павінна", — адзначыў ён.

Хадыка паведаміў, што 9 красавіка аргкамітэт збярэцца яшчэ раз, каб усё канчаткова ўзгадніць. На наступны дзень плануецца прэс-канферэнцыя заяўнікаў акцыі.

У аргкамітэт па правядзенні "Чарнобыльскага шляху — 2012" увайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, руху "За Свабоду", аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларускі рух", Аб'яднанай грамадзянскай партыі, руху "Гавары праўду!", міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія), Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", кампаніі "Еўрапейская Беларусь", грамадскага аб'яднання "Экадом".

Хто будзе заяўнікам акцыі, пакуль дакладна не вызначана. Хадыка адзначыў, што быў заяўнікам першага "Чарнобыльскага шляху" ў 1989 годзе. "З таго часу нясу нейкую адказнасць за яго", — сказаў ён.

"Чарнобыльскі шлях" праводзіўся штогод з 1988 года ў Мінску ў фармаце шэсця, якое заканчвалася мітынгам прадстаўнікоў дэмсіл. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі акцыю ў традыцыйнай форме.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства