Алесю Бяляцкаму далі спатканьне з жонкай і сястрой
Жонка палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальля і сястра Вольга прывезьлі ў Бабруйскую калёнію № 1 перадачу для Алеся Бяляцкага, 30 кіляграмаў. Частку харчоў адмовіліся прымаць, у прыватнасьці кансэрвы.
Тым часам начальнік калёніі даў дазвол Натальлі і Вользе на кароткачасовае спатканьне зь Бяляцкім.
Сёньня яны пабачаць Алеся, — упершыню ў гэтай калёніі.
Бяляцкі знаходзіцца ў Бабруйскай калёніі ад канца лютага.
24 студзеня Менгарсуд разгледзеў касацыйную скаргу кіраўніка
праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі
правоў чалавека Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 года турмы. Прысуд
Бяляцкаму пакінулі бязь зьмены.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5
года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у няплаце
падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы,
атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.
Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра
банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.
Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць
Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны
патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.