Суд над Паўлам Вінаградавым адкладзены
6 красавіка а 9-й раніцы ў судзе Маскоўскага раёна Менска павінна было адбыцца судовае паседжаньне па ўзмацненьні прэвэнтыўнага нагляду для былога палітвязьня, аднаго зь лідэраў моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду!» — «Zмена» Паўла Вінаградава.
Супрацоўнікі МУС палічылі, што падставамі, каб узмацніць нагляд,
зьяўляюцца неаднаразовыя парушэньні Вінаградавым адміністрацыйнага
кодэксу.
Паўла Вінаградава некалькі разоў затрымлівалі нібыта за брыдкаслоўе і саджалі на суткі.
Новы год былы палітвязень сустрэў у турме на Акрэсьціна, а ўсяго з пачатку году ён правёў там 25 сутак.
Месяц таму пасьля чарговай адсідкі яго з Акрэсьціна на міліцэйскай
машыне адвезьлі ў міліцэйскі пастарунак Маскоўскага раёна і зноў нібыта
за нецэнзурную лаянку на ганку ўнівэрсаму «Базар» пасадзілі на 7 сутак.
Адседзеўшы тэрмін, Павал Вінаградаў падаў скаргу на імя старшыні
Менскага гарадзкога суду за незаконнае затрыманьне. Паколькі скарга яшчэ
не разгледжана, Павал разам з адвакатам Вадзімам Мушынскім заявіў
хадайніцтва аб пераносе сёньняшняга суду. Судзьдзя Тацяна Мотыль
задаволіла хадайніцтва, і суд пакуль адкладзены.
15 сакавіка ў судзе Першамайскага раёну Менска прайшло судовае
паседжаньне, па выніках якога быў усталяваны прэвэнтыўны нагляд тэрмінам
на 1 год за былым палітвязьнем Уладзімерам Яроменкам.