Гары Паганяйла: Спадары чыноўнікі, ад адказу вы не сыйдзеце!
Суды па скаргах праваабаронцаў Беларускага Хельсінскага камітэта раптоўна адмененыя і будуць прызначаныя пазней. Сінхроннасць і аднолькавасць дзеянняў, якую мы назіраем, кажа аб тым, што яна каардынуецца з аднаго цэнтра.
Папярэдняе пасяджэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска па
скарзе Алега Гулака, які аспрэчвае ўнясенне ў спіс невыязных, было прызначана на
6 красавіка, па скарзе Гары Паганяйла ў судзе Маскоўскага раёна - на 18
красавіка.
Аднак 4 красавіка памочнікі суддзяў, якія прынялі скаргі да разгляду,
патэлефанавалі абодвум праваабаронцам і заявілі, што "справы, прынятыя да
разгляду, адкладаюцца і будуць прызначаныя пазней".
"Інфармацыя аб асобах, унесеных у банк даных, захоўваецца 25 гадоў, і тыя,
хто незаконна дзейнічаў, ад адказу не сыдуць. Праз нейкі час мы абавязкова
даведаемся, ці былі ўнесены ў «спісы невыязных» на законных падставах ці не. Гэта
ужо не палітычныя ігрышчы - гэта злачынная дзейнасць, якая выразна прапісана ў
артыкулах Крымінальнага кодэкса", - заявіў "Беларускаму
партызану" Гары Паганяйла.
У пачатку сакавіка, перад выездам за мяжу, праваабаронца па месцы жыхарства
наведаў Аддзел па грамадзянстве і міграцыі, дзе дамогся, каб яго прозвішча
праверылі ў базе дадзеных асобаў, выезд якім з Рэспублікі Беларусь часова
абмежаваны. Аказалася, што Гары Паганяйла - у "спісах невыязных".
Звесткі ў банк дадзеных МУС прадстаўлены Міністэрствам юстыцыі. Падставай
паслужыла справа аб банкруцтве, па якой праваабаронца з'яўляецца даўжніком
альбо зацікаўленай асобай у адносiнах да даўжнiка - юрыдычнай асобы. Рашэнне
прынята невядомым судом 05.03.2012 года.
Пасля гэтай непрыемнай весткі праваабаронца пачаў дамагацца праўды:
- Я звярнуўся ў Мінюст, у МУС, у Генеральную пракуратуру - каб кожны дзяржаўны
орган у рамках сваіх паўнамоцтваў праверыў, ці не парушаны ўсталяваны парадак,
па якіх падставах і хто ўнёс мяне ў "спісы невыязных" і гэтак далей.
І пачалася "мышыная валтузня". Практычна ні адзін орган не адказаў па
сутнасці пастаўленых пытанняў. МУС адправіла заяву ў аддзел па грамадзянстве і
міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама, які растлумачыў мне заканадаўства. Так я яго і
сам ведаю! Мінюст наогул не даў адказу - паведамілі толькі, што падоўжаны
тэрмін правядзення праверкі. Нават не паказалі - да якога часу працягнуты гэты
тэрмін. Хоць уся інфармацыя назапашваецца на электронных носьбітах, а таму
праверыць усю гэтую «бадзягу» можна на працягу сутак.
Генпракуратура параіла звярнуцца ў той жа Мінюст, які вядзе ведамасную базу на
асоб, чыё права на выезд часова абмежавана па рашэнні судоў (гаспадарчых,
агульнай юрысдыкцыі). З неафіцыйных крыніц у мяне ёсць інфармацыя, што ніводзін
суд рэспублікі не прымаў у дачыненні да мяне адпаведнага рашэння па часовым
абмежаванні выезду за межы краіны, падобную інфармацыю праз Галоўнае ўпраўленне
юстыцыі ў Мінюст не накіроўваў.
Падобнага роду фальсіфікацыі ў банку дадзеных і ёсць злачынства супраць
канстытуцыйных правоў чалавека і грамадзяніна, супраць інтарэсаў службы альбо
супраць правасуддзя, - заявіў Гары Паганяйла.
Праваабаронца адзначае "сінхроннасць дзеянняў судоў", якія як па
ўзмаху чароўнай палачкі (па загадзе, мабыць, зверху, не выключаю, службовых
асоб Мінюста) апавясцілі Гары Паганяйлу, і Алега Гулака, што разгляд іх справаў
адкладаецца на нявызначаны тэрмін.
- Але, адзначу, для дадзенай катэгорыі справаў устаноўлены месячны тэрмін іх
разгляду. Еўрапейскі саюз і, у цэлым, міжнародныя інстытуты, якія нясуць адказнасць
за забеспячэнне правоў чалавека, ужываюць санкцыі на аснове міжнароднага права
і робяць гэта адкрыта, галосна, інфармуючы ўрад аб прынятых рашэннях. Існуюць
судовыя механізмы, куды могуць звярнуцца "пакрыўджаныя". Нашы ж
дзяржаўныя органы робяць гэта ўпотай. Нас не запрасілі на судовыя разборы, не
паведамілі ва ўстаноўленым парадку аб тым, што мы з'яўляемся даўжнікамі, і ў
дачыненні да нас прыняты пэўныя меры, у прыватнасці, часовае абмежаванне права
на выезд з Рэспублікі Беларусь.
Улада, якая не абапіраецца на закон, ужо не ўлада, а злачынная арганізацыя.
Думаю, што на хуткі разгляд нашых справаў у судах спадзявацца няма чаго. Наша
карумпаваная злачынная ўлада будзе рабіць усё, каб мы не высветлілі сапраўдных
абставінаў ўключэння нас у "спісы невыязных". І такая парадыгма будзе
дзейнічаць у дачыненні да ўсіх палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў, унесеных
незаконна ў базы дадзеных аб "невыязных", - упэўнены Гары Паганяйла.