Анатоля Санаценку выклікалі ў падаткавую… для сустрэчы з супрацоўнікамі КДБ
Рэдактар “Бабруйскага кур’ера” атрымаў запрашэнне на 5 красавіка ў падаткавую, да інспектара Галіны Танвіравай. Нагодай для запрашэння стала нібыта размова наконт лёсу ААТ “Рэкламны кур’ер”, якім ён кіруе.
-Сёння я пайшоў у падаткавую, сяджу ў кабінеце, і тут раптоўна заходзяць два “шэрыя таварышы”, прадстаўляюцца супрацоўнікамі КДБ, - распавядае Санаценка. – Прадставіліся Дзмітрыем Леанідавічам і Дзмітрыем Генадзевічам. Першы сказаў, што ён падпалкоўнік, другі ўвесь час маўчаў і нешта запісваў. Супрацоўнікі падаткавай сышлі з кабінета і не заходзілі да канца размовы, а размаўлялі мы ажно дзве з паловай гадзіны! Леанідавіч паказаў мне ксеракопіі маіх артыкулаў за гэты і мінулы год, хацелі папярэдзіць па артыкулу 369 прым. 1 (дыскрэдытацыя РБ) - каб больш такога не пісаў. Я ім у сваю чаргу нагадаў пра правы журналіста і Канстытуцыю і заявіў, што яны іх парушаюць.
Анатоль Санаценка сцвярджае, што сённяшняя сустрэча была вузканакіраванай – папярэдзіць яго аб адказнасці. Бо супрацоўнікі КДБ не задвалі яму пытанняў, нікаго з бабруйскіх журналістаў ці актывістаў не ўзгадвалі.
-Я прапанаваў ім выкласці ўсё імі сказанае на паперы. Дзмітрый Генадзевіч, які пыхцеў за кампутарам, сагнаўшы з працоўнага месца падаткавіка, так і не здолеў раздрукаваць тэкст з папярэджаннем, прынтар аказаўся “за нас”, і не спрацаваў, - пасміхаецца Анатоль Санаценка. – Хаця я і так іх адразу папярэдзіў, што нічога падпісваць не буду. Але атрымліваецца, што зараз у любую дзяржаўную установу трэба хадзіць падрыхтаванымі да нечаканай сустрэчы з супрацоўнікамі КДБ…