У газеты “НАШ Магілёў” новая рубрыка - “Навіны палітвязняў”
Магілёўскае інтэрнэт-выданне праз новую рубрыку будзе пашыраць інфармацыю аб беларускіх палітычных зняволеных.
“Мы вырашылі сабраць усю інфармацыю аб палітвязнях у адну рубрыку, каб магілёўцы ведалі што адбываецца з тымі людзьмі, якія церпюць за палітыку, - гаворыць рэдактар сайта Вітольд Няўрыда, - Каб у любы момант можна было зайсці на сайт і дазнацца самае свежае, што адбываецца ў іхным нялёгкім жыцці. Мы будзем збіраць інфармацыю з усіх сайтаў у адну рубрыку “Навіны палітвязняў”.
Тым болей, што ў турмах Магілёўшчыны адбывае сваё пакаранне пяць такіх чалавек. Сярод іх праваабаронца Алесь Бяляцкі, экс-кандыдат у Прэзідэнты Мікола Статкевіч, кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата у Прэзідэнты Андрэя Саннікава Зміцер Бандарэнка, асуджаныя па справе анархістаў Яўген Васьковіч і Мікалай Дзядок”.
“Мы будзем распаўсюджваць інфармацыю пра палітвязняў і праз сацыяльныя сеткі “Вкантакте” і “Фэйсбук”. Плануецца таксама ў бліжэйшы час выраб улётак з заклікам “Свабоду палітвязням!” і бюлетэня “Палітвязні”. Мы не можам мірыцца з тым, што гэтыя людзі сталі разменнай манетай у дыктатарскай палітыцы Лукашэнкі і будзем рабіць усё дзеля таго, каб наблізіць момант іхняга вызвалення”, - працягвае Вітольд Няўрыда.
Трэба адзначыць, што праваабарончы цэнтр “Вясна” прызнае наяўнасць у краіне 15 палітвязняў.