Быхаўчаніну адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць участковага
Следчы следчага камітэта па Быхаўскім раёне адмовіўся караць міліцыянта Віталя Вашчылу за падробку запісу “З маіх словаў запісана дакладна, зачытана ўслых” і подпісу пад пратаколам ад імя жыхара вёскі Дабужа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандра Шачанка.
Паўторная экспертыза почырка таксама ўстанавіла, што подпіс на пратаколах не належыць Аляксандру Шачанку.
Справа была перададзена на разгляд следчаму па асабліва важных справах, аднак ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць міліцыянта Віталя Вашчылы было адмоўлена.
Падставай для адмовы паслужыла тое, што, нібыта, не знайшлі асобу, якая падрабіла запіс і подпіс у пратаколе ад імя Аляксандра Шачанка. Відавочна, што ўсё гэта было зроблена ў прысутнасці ўчастковага, які складаў пратакол, аднак следства палічыла, што міліцыянт тут ні пры чым.
“Гэта поўны абсурд. Як можна не знайсці чалавека, які ў прысутнасці ўчастковага распісваўся за Шачанка, - кажа праваабаронца Барыс Бухель.- Участковы, нягледзячы на заключэнне двух экспертыз, сцвярджае, што запіс пад пратаколам і подпіс зробленыя Аляксандрам Шачанком. Незразумелая пазіцыя следчых, якія не жадаюць прымаць да ўвагі высновы экспертызы. Узнікае тады пытанне, чаму міліцыянта Вашчылу не праверылі на дэтэктары хлусні, які ёсць у УУС. Гэта пытанне іміджу міліцыі. Калі яны гэтага не зробяць і не давядуць да канца гэтую справу, то будуць мець толькі недавер насельніцтва і нізкую рэпутацыю”.
Нагадаем, што ўчастковы Віталь Вашчыла за фальсіфікацыю адміністратыўнай справы ў дачыненні да Аляксандра Шачанка атрымаў вусную вымову. Шачанка абвінавацілі у тым, што ён нібыта збіў сваю суседку, аднак справа ў судзе развалілася, бо адсутнічала сама заява пацярпелай. Аб тым, што на Аляксандра Шачанка складзены пратакол, ён даведаўся толькі падчас судовага разбіральніцтва. У судзе ён заявіў, што запіс і подпіс пад пратаколам былі зробленыя не яго рукой.