viasna on patreon

Дырэктар гандлёвага цэнтру западозрыў прадпрымальніцу ў арганізацыі палітычнага страйку

2012 2012-03-29T13:06:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kgbrb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Магілёўская міліцыя не прызнала факту хлуслівага даносу ў КДБ дырэктарам гандлёвага цэнтру “Прэстан”. У пісьмовым адказе міліцыі ў дзеяннях спадара Пашурына адсутнічае склад правапарушэння.

Нагадаем, што магілёўская прадпрымальніца Людміла Крыловіч прасіла прыцягнуць да адказнасці дырэктара ГЦ “Прэстан” спадара Пашурына, які паведаміў у КДБ што яна рыхтуе палітычны страйк.

Пасля гэтага выпадку да Людмілы патэлефанаваў чэкіст, які назваўся Андрэем Іванавічам і прапанаваў сустрэцца. Сустрэча адбылася на працоўным месцы прадпрымальніцы. Супрацоўнік спецслужбаў узяў пісьмовыя тлумачэнні ў жанчыны і спраўдзіў наяўнасць у яе дамовы на арэнду і папрасіў узяць копіі.

“Падчас сустрэчы з Андрэем Іванавічам я адзначыла, што ніякага страйку я не рыхтую, а дырэктар “Прэстана” на фоне асабістай непрыязні не жадае працягнуць са мной дамову арэнды, - гаворыць Людміла Крыловіч, - Таксама я патлумачыла чэкісту, што існуе парушэнне заканадаўства ў дзеяннях арэндадаўцы. Праз тыдзень я яму патэлефанавала і спытала, як ідзе разбіральніцтва, аднак ён адмовіўся мне даць які-небудзь адказ, таму я і вырашыла звярнуцца ў міліцыю пісьмова”.

Нагадаем, што з Людмілай Крыловіч не працягнули дамову на арэнду плошчы ў гандлёвым цэнтры “Прэстан”. У жніўні мінулага году на жаданне ўласніка будынка закрыць яго на рамонт і пазбавіць усіх прадпрымальнікаў працоўных месцаў жанчына арганізавала страйк. Інфармацыя пра гэта выйшла за межы цэнтра і дайшла да ўлады, якая гарантавала, што прадпрымальнікі “Прэстана” будуць працаваць і надалей. 30 лістапада Людміла Крыловіч атрымала ўведамленне, у якім было сказана, што дамова арэнды з ёй перазаключацца не будзе.     

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства