Генадзь Давыдзька: “Адбываецца масавае абалваньванне людзей у сферы адукацыі і СМІ”
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі распавёў светлагорскім будаўнікам пра тое, як СМІ абалваньваюць людзей і пра выратаванне свету.
У Светлагорскім будаўнічым трэсце №20 прайшла сустрэча працоўнага калектыву з інфармацыйнай групай, якую ўзначальвае старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Як піша мясцовае выданне «Светлагорскія навіны» (http://sn.by/2012/03/27/vstrecha-v-stroitelnom-treste/), на сустрэчы з будаўнікамі таксама прысутнічала раённае кіраўніцтва і старшыня Гомельскага абласнога савету дэпутатаў Марына Бондар.
Генадзь Давыдзька распавёў пра працу тэлеканала «Беларусь-1» і стварэнне канала «Беларусь-3»: «У апошні час ідзе перадзел сусвету, і гэта немагчыма без ломкі свядомасці. Адбываецца масавае абалваньванне людзей у сферы адукацыі і СМІ. У выніку ў грамадстве страчваюць значэнне разумення гісторыі, асабістых каранёў, інстытута сям'і, засяваюцца спажывецкія адносіны да жыцця, жаданне больш піць, есці і мець больш, чым у іншых. Каму гэта выгадна? Як магло здарыцца, што Расейскую Імперыю растапталі? Як атрымалася, што сапраўдныя выратавальнікі свету – нашчадкі пераможцаў Грунвальдскіх бітваў, Тэўтонскага ордэну, фашысцкіх орд, адчуваюць сябе нейкімі недасканалымі?», -азадачыў будаўнікоў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі. Дарэчы, пра інстытут сям'і, які нехта невядомы разбурае. Менавіта Генадзь Давыдзько неаднаразова выступаў за легалізацыю прастытутак і лёгкіх наркотыкаў, спасылаючыся на «варожы» вопыт Нідэрландаў і праводзіўшы «гістарычныя экскурсы» пра тое, што да 1920 года прастытуцыя была ў нас легалізавана.
На сустрэчы з будаўнікамі кіраўнік тэлебачання зрабіў таксама заявы пра тое, што «сёння ніхто не ўспамінае, што Еўропа здалася фашыстам практычна без бою, таму захавала свае гарады і людзей», і што «мы выратавалі свет ад гібелі, але сёння аказваецца, што мы не маем рацыі». Так падвёў Генадзь Давыдзька да стварэння каналу «Беларусь-3», які будзе «накіраваны на рэанімацыю гістарычнай памяці».
Дарэчы, як піша выданне, старшыні Белтэлерадыёкампаніі будаўнікі выказалі пажаданні паказваць больш фільмаў пра вайну, аб подзвігах нашых бацькоў і дзядоў. «На тэлебачанні шмат шоу, бясконцых канцэртаў, а добрыя фільмы – толькі на 9 мая і 23 лютага», - пішуць «Светлагорскія навіны».