Мікалая Аўтуховіча непакоіць непраўдзівая інфармацыя пра яго
У лісце, які нядаўна атрымаў былы адвакат Павел Сапелка, палітвязень Мікалай Аўтуховіч распавядае пра свой побыт у Гарадзенскай турме №1. Нягледзячы на аптымізм у словах палітвязьня, ён піша аб тым, што яшчэ “…у штрафным ізалятары (у Івацэвічскай калоніі) моцна застудзіў спіну. Зараз мучаюся. Там было так халодна ўначы, што даводзілася ўсю ноч хадзіць, галаву заматаўшы рушніком, каб не мерзла. Ацяпляльную батарэю на тры рабрыны ўключалі ў 4 гадзіны раніцы. Тады прыціскаўся да яе на кукішках і так спрабаваў заснуць.”
Мікалая Аўтуховіча таксама непакоіць факт змяшчэньня ў інтэрнэце неадпавядаючай рэчаіснасьці інфармацыі. Ён паведамляе аб тым, што ў лютым на сайце БелаПАН з’явілася інфармацыя пра нібыта ягонае тэлефанаваньне са следчай турмы сваёй маці. Літаральна праз гадзіну ў Аўтуховіча, а таксама іншых вязняў, адбыўся ператрус, які доўжыўся некалькі гадзін. “Я не мог тэлефанаваць. Мне недазволена. Я чалавек моцны і нічога не баюся, хачу зразумець толькі адно: гэта зроблена наўмысна, альбо па дурасьці?” – пытаецца палітвязень.
Сапраўды, 23 лютага БелаПАН прывёў словы старшыні Каардынацыйнага савета індывідуальных прадпрымальнікаў Менска Алеся Макаева, які паведаміў, што “ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які знаходзіцца ў зняволеньні, патэлефанаваў са следчай турмы № 1 Гродна сваёй маці Лідзіі Аўтуховіч”.
Насамрэч, у турме магчымасьць самастойна патэлефанаваць некаму цалкам адсутнічае, і юрыдычна, і фізічна. Тым не меней, падобная недакладная інфармацыя паслужыла падставай для ператрусаў ды іншых праблем для зьняволеных.
Мікалай Аўтуховіч просіць больш адказна ставіцца да інфармацыі пра палітвязняў з месцаў зняволеньня, каб не нанесьці ім яшчэ большай шкоды.