viasna on patreon

Івашкевіча папярэдзілі за "падрыў дзяржаўнага сувэрэнітэту"

2012 2012-03-27T15:40:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Аднаго з арганізатараў акцыі 25 сакавіка ў Менску Віктара Івашкевіча сёньня выклікалі ў Генпракуратуру, дзе яго папярэдзілі, што дзеяньні, «якія могуць быць накіраваныя на падрыў дзяржаўнага сувэрэнітэту, будуць карацца законам». Тым часам заяўнікі акцыі разьбіраюцца з гарадзкімі службамі, якім павінны заплаціць каля 4 мільёнаў рублёў.

Генпракуратура вінаваціць Віктара Івашкевіча ў закліках да санкцыяў. Палітык заявіў, што не ад яго залежыць, увёў Эўразьвяз санкцыі ці не, а ад паводзінаў службовых асобаў. Ён заявіў, што менавіта дзеяньні ўладаў радыкальна падрываюць сувэрэнітэт Беларусі.

«Я задаў сустрэчнае пытаньне: а дзеяньні прадстаўнікоў улады, накіраваныя на падрыў сувэрэнітэту Беларусі, таксама будуць разглядацца ў пракуратуры? На гэта мне было сказана, што ўсе грамадзяне незалежна ад займанай пасады падлягаюць гэтаму заканадаўству. У зьвязку з гэтым у мяне ўзьнікла ідэя: можа, варта зьвярнуцца ў пракуратуру, каб яна разгледзела дзеяньні службовых асобаў, якія канкрэтна падрываюць сувэрэнітэт Беларусі? І калі канкрэтна пра санкцыі вядзецца размова, то заявы ў прэсе грамадзяніна Івашкевіча ў ніякае параўнаньне па сваім узьдзеяньні не ідуць з тымі бязглуздымі дзеяньнямі беларускай улады, якая сваімі дзеяньнямі, рэпрэсіямі, наяўнасьцю палітвязьняў правакуе і штурхае ЭЗ уводзіць санкцыі. Гэта проста зьняць: трэба выпусьціць палітвязьняў».

Паводле Івашкевіча, якраз асноўнай тэмай на акцыі 25 сакавіка, апроч адзначэньня ўгодкаў БНР, было патрабаваньне неадкладна вызваліць палітзьняволеных. Наступная акцыя, якую зьбіраецца ладзіць дэмакратычная апазыцыя, — «Чарнобыльскі шлях». Старшыня аргкамітэту Дня Волі Ўладзімер Колас сказаў, што варта ўлічыць некаторыя акалічнасьці.

​​«Пляцоўка, якую нам прапануюць гарадзкія ўлады ў парку Дружбы народаў, не падрыхтаваная і не падыходзіць для такіх мерапрыемстваў. Там ня зроблена належнае добраўпарадкаваньне, не заасфальтаваная пляцоўка і дарожкі. І ў дождж там проста лужыны. Наступным разам мы ўкажам на гэта ўладам і будзем прапаноўваць ці прывесьці гэтую пляцоўку ў належны выгляд, ці будзем прапаноўваць іншыя месцы, напрыклад, парк Горкага. У нас і гук забралі. Калі б у нас была дружына на пляцоўцы, пакуль калёна ішла, то б атрымалася неяк адбіць гэты аўтобус. Бо зь людзьмі, якія паводзяць сябе як крымінальнікі, як шпана, нават калі яны ў дзяржаўнай форме, трэба належным чынам абыходзіцца. Трэба было быць гатовымі бараніць тое, за што мы заплацілі».

Арганізатары акцыі павінны заплаціць гарадзкім службам каля 4 мільёнаў рублёў: 800 тысяч — хуткай дапамозе і 3 мільёны 800 тысяч — Міністэрству надзвычайных сытуацыяў. Таксама яны будуць спрабаваць адсудзіць ва ўладаў 670 тысяч рублёў, якія былі заплачаныя за машыну з гукаўзмацняльнай тэхнікай.

«Службы нічога не рабілі. Мы фактычна заплацілі Менгарвыканкаму нефармальны падатак за права скарыстацца нашым канстытуцыйным правам. І слава Богу, што іх бюракратычная машына не спрацавала і з нас яшчэ не садраў грошы „Зелянбуд“ за прыборку. Бо мы самі ўсё прыбралі. Магчыма, тая самая сытуацыя магла быць і з пажарнікамі. У нас нічога не гарэла».

Таксама: На ўручэнні Івашкевічу папярэджання Генпракуратуры прысутнічала здымачная группа БТ

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства