У ААН пададзена скарга аб катаваннях у дачыненні да Змітра Бандарэнкі
Спецдакладчыку ААН па катаваннях накіравана скарга з просьбай расследаваць факты ўжывання катаванняў супраць палітвязня Змітра Бандарэнкі, паведамляе сайт ProtivPytok.Org.
Актывістамі ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаванняў» накіравана тэрміновая скарга, якая падаецца на падставе падазрэнняў аб тым, што ў адносiнах да асобы ўжываюцца катаванні, калі патрабуецца ўмяшальніцтва для спынення такіх дзеянняў.
Аўтары скаргі паказваюць на жахлівы стан здароўя Змітра Бандарэнкі пасля праведзенай у верасні мінулага года аперацыі на хрыбетніку, немагчымасць правядзення прадпісаных медыкамі рэабілітацыйных працэдураў у зняволенні. Паказваецца прымус Бандарэнкі выконваць дзеянні, якія могуць пагоршыць стан ягонага здароўя і нават прывесці да страты здольнасці рухацца (стаянне, хаджэнне ў страі, доўгае сядзенне, нагрузкі на хрыбетнік.) Акрамя таго, узгадваецца адмова даць Змітру Бандарэнку групу інваліднасці.
Спецдакладчыку ААН таксама накіраваныя медыцынскія дакументы, якія пацвярджаюць стан здароўя Змітра Бандарэнкі, а таксама заключэнне экспертызы, праведзенай украінскім спецыялістам Андрэем Раханскім.
Па сцвярджэнні Андрэя Раханскага, ва Украіне пацыентам з такім станам здароўя прызначаецца другая група інваліднасці.
«Сукупнасць прыведзеных медыцынскіх дадзеных сведчыць аб неабходнасці правядзення для Бандарэнкі медыка-сацыяльнай экспертызы з усталяваннем ступені страты працаздольнасці...
Непадаванне Бандарэнку спецыяльных медыцынскіх рэабілітацыйных сродкаў медтэхнікі (артапедычны абутак, кій) можа быць расцэнена як катаванні і жорсткае абыходжанне ", - гаворыцца ў заключэнні экспертызы.