Затрымалі наваполацкіх актывістаў
Наваполацкіх актывістаў Віктара Калесніка і Вячаслава Бойка, якія раніцай 25 сакавіка накіроўваліся ў Мінск на машыне на дазволенае ўладамі святкаванне Дня Волі, міліцыя затрымала пад Полацкам.
Міліцэйская машына, не абсталяваная мігалкай і гучнагаварыцелем, гналася за актывістамі каля 10 км, пастаянна сігналіла фарамі. Калі актывісты спыніліся высветліць, чаго ж ад іх хочуць, прыцягваючы ўвагу такім незвычайным спосабам, у віну ім было пастаўлена менавіта неспыненне па першым патрабаванні, хоць мірганне фарамі не з'яўляецца прапісаным у ПДР сігналам прыпынку.
Абодвух актывістаў адвезлі ў Полацкі ГАУС і пратрымалі там да 13.00. Абыходзіліся з затрыманымі вельмі ветліва і нават напаілі каваю.
Яшчэ адзін наваполацкі актывіст, рэдактар сайта «Свабодны рэгіён», заўважыў, што за ім сочаць яшчэ ад пад'езда і вырашыў не спрабаваць выехаць у Мінск, каб не праводзіць у аддзяленні палову святочнага дня.