Касацыйная скарга Сяргея Каваленкі будзе разглядацца 10 красавіка
Віцебскі абласны суд мусіць даць адказ, наколькі законнае і справядлівае рашэнне вынесла суддзя Першамайскага райсуду Алена Жук, якая прысудзіла сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку 2 гады 1 месяц зняволення ў калоніі.
24 лютага суддзя Алена Жук прызнала Сяргея Каваленку вінаватым у парушэнні рэжыму адбыцця пакарання - абмежаваньне волі без накіраваньня ў установы адбыцця пакарання (гэтак званай "хатняй хіміі"), прысуджанага яму ў 2010 годзе за вывешаны на навагоднюю ёлку бел-чырвона-белы сцяг.
На знак пратэсту супраць несправядлівага, на яго думку, абвінавачання і пакарання, віцебскі актывіст трымае галадоўку пратэсту – з перапынкамі яна працягваецца з 19 снежня мінулага года.Зараз Сяргей Каваленка знаходзіцца ў мінскім СІЗА.
Суддзя Алена Жук і пракурор Дзмітрый Лутаў, які браў удзел у судовым працэсе над Сяргеем Каваленкам, трапілі ў апошні спіс "невыяздных", які быў скарэктаваны Еўрасаюзам 23 сакавіка.
Тлумачацца і прычыны ўключэння гэтых службовых асоб у спіс. Алена Жук – “наўпрост адказная за парушэнні правоў чалавека, бо адмовіла Сяргею Каваленку ў праве на справядлівы працэс”. Дзмітры Лутаў – пракурор на працэсе Сяргея Каваленкі, у прысутнасці і з удзелам якога “вынесены прысуд па справе — дыспрапарцыйна жорсткі, улічваючы прыроду злачынства, і не адпаведны крымінальнаму кодэксу Беларусі”.