Невядомыя збілі грамадскага актывіста Ігара Случака
У Гомелі ноччу 24 сакавіка невядомыя збілі грамадскага актывіста, каардынатара кампаніі «Справаводства па-беларуску!», студэнта Тартускага універсітэта Ігара Случака. Малады чалавек вяртаўся дахаты ад сяброў, і непадалёк ад дому на яго раптоўна ззаду напалі невядомыя, якія звалілі яго на зямлю і пабілі.
«Прычым іх цікавіў мабільны тэлефон. Хоць апарат стары і не ўяўляе каштоўнасці. Таксама забралі грошы і дакументы, сярод якіх быў эстонскі від на жыхарства», - патлумачыў Ігар Случак. Пакінулі збітаму толькі беларускі пашпарт. Зараз у яго будуць праблемы з вяртаннем на вучобу у Тарту.
Актывіст не выключае, што гэта было звычайнае рабаўніцтва. «Даволі дзіўная сітуацыя. Але разам з тым, час зараз напружаны, прычым я прыехаў наведаць бацькоў і на Дзень Волі. Напярэдадні парламенцкіх выбараў у 2008 годзе таксама вось напалі як быццам гопнікі і збілі мяне. Праўда, тады іх затрымалі, і судзілі», - дадае Ігар Случак.
Па дадзеным факце ён звярнуўся раніцай 24 сакавіка ў міліцыю, якая вядзе зараз разбіральніцтва.