viasna on patreon

Леанід Гаравы патрабуе ліквідаваць "Дошку ганьбы"

2012 2012-03-23T15:53:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/haravy_leanid.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Гаравы

Леанід Гаравы

Актывіст Руху “За свабоду” лічыць, што КУВП “Гарадоцкае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак”, якое ўсталявала "Дошку ганьбы" з прозвішчамі даўжнікоў за камунальныя паслугі, не мае права публічна зневажаць гонар і годнасць людзей. Хай нават і "злосных неплацельшчыкаў".

Леанід Гаравы звярнуўся ў пракуратуру Гарадоцкага раёна з патрабаваннем ліквідаваць “Дошку ганьбы”, якую  КУВП “Гарадоцкае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак” аднавіла пасля рамонту. Мінулым летам гэты стэнд быў паламаны: кажуць, што гэта зрабілі жыхары Гарадка, чые прозвішчы фігуравалі ў "ганебных спісах". Нядаўна яго аднавілі, але спісы пакарацелі – там ужо не згадваюцца даўжнікі з самога райцэнтру – толькі з навакольных вёсак і аграгарадкоў.

У  звароце да пракурорскіх работнікаў сябра руху "За свабоду" адзначае, што Рэспубліка Беларусь дэкларуецца як прававая дзяржава, у якой дзейнічае прынцып прэзумпцыі невінаватасці. А вінаватасць грамадзян могуць вызначыць толькі органы,  упаўнаважаныя на гэта заканадаўствам у межах адміністратыўнага, крымінальнага і іншага права.  КУВП “Гарадоцкае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак” не мае паўнамоцтваў устанаўліваць такую вінаватасць, а тым больш зняважліва ставіцца да грамадзян, якія часам па розных абставінах не могуць сваечасова заплаціць за камунальныя паслугі.

Таму Ленаід Гаравы патрабуе паведаміць, хто прыняў рашэнне пра ўсталяванне “Дошкі ганьбы” ў Гарадку, колькі сродкаў выдаткоўвалася на яе усталяванне, рамонт і абслугоўванне, а таксама кажа пра неабходнасць тэрміновай ліквідацыі  "Дошкі ганьбы". Ён лічыць неабходным, каб адказныя асобы прынеслі свае прабачэнні ўсім грамадзянам, якія трапілі на гэту “дошку” ў выніку ініцыятывы КУВП “Гарадоцкае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак". Бо прадпрыемства, на думку Гаравога, можа толькі інфармаваць грамадства пра неплацельшчыкаў за камунальныя паслугі, але не ў такой, зняважлівай і абразлівай, форме.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства