Тры пікеты да Дня Волі забаранілі ў Віцебску
Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Пётр Сарапеня падаў заяўкі ў тры раённыя адміністрацыі на правядзенне 25 сакавіка трох пікетаў - атрымаў тры адмовы.
"Напісаў ад свайго імя заяўкі ў тры адміністрацыі – Чыгуначнага, Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў. Усе на розны час. Думалі, пастаім у адным месцы, пераедзем у іншае, там наступны пікет будзе. Але – паўсюль адмовы. Прычына першая – што нібыта са спазненнем падалі заяўкі. Хаця адправіў я іх роўна за 15 дзён – 10 сакавіка. А другая прычына - што не прыклалі дамовы з хуткай дапамогай, міліцыяй і ЖКГ", - распавёў Пётр Сарапеня.
Віцебскі актывіст, аднапартыец палітвязня Мікалая Статкевіча, юрыст Аляксей Гаўруцікаў мяркуе, што закон пра масавыя акцыі – недасканалы, а чыноўнікі выкарыстоўвыюць гэтыя хібы:
"У працэсуальным заканадаўстве – па адміністратыщных справах, крымінальных, гаспадарчых – там ўсё дакладна тлумачыцца, і ўсе вызначаныя тэрміны адлічваюцца пасля нейкай падзеі. Прыкладам, суд выне рашэнне – і з заўтрашняга дня можна яго абскарджваць на працягу дзесяці дзён. А ў законе аб масавых мерапрыемствах трэба адлічваць дні наперад, а як гэта рабіць – не прапісана. Калі ад 25-га адлічыць 15 дзён, атрымліваецца, што апошні тэрмін падачы заяўкі 10-га. Але шмат пытанняў: лічыць дзень 25-га або не лічыць. І 10-га – лічыцца ці не, калі на канверце, скажам, будзе стаяць гэта дата, а да нейкага чыноўніка ліст трапіць у рукі толькі назаўтра".
Аляксей Гаўруцікаў раіць падаваць заяўкі загадзя, каб не было праблемаў. Разам з Янам Дзяржаўцавым і Хрыстафорам Жаляпавым яны падавалі заяўкі на сход і шэсце да Дня Волі яшчэ ў пачатку лютага. Але гарвыканкам усё адно знайшоў падставы, каб ім адмовіць. І Кастрычніцкі райсуд, куды актывісты звярнуліся, спрабуючы да свята аспрэчыць рашэнне чыноўнікаў, стаў на бок гарадскіх уладаў.