«Чорны сьпіс» ЭЗ будзе пашырацца да вызваленьня палітвязьняў
Рада міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу пашырыла сьпіс беларускіх асобаў і кампаній, што трапляюць пад санкцыі, паведамляе карэспандэнт РС у Брусэлі.
Санкцыі пашырыліся за кошт 29 кампаній і 12 асобаў — судзьдзяў,
пракурораў, бізнэсоўцаў, якія, паводле ЭЗ, адказныя за парушэньні правоў
чалавека і рэпрэсіі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, а
таксама падтрымліваюць або зьяўляюцца бэнэфіцыярамі ўлады Лукашэнкі.
У высновах Рады ў справе Беларусі гаворыца:
«Дзеля таго, што палітычныя зьняволеныя дагэтуль ня вызваленыя і не
рэабілітаваныя, і на фоне далейшага пагаршэньня сытуацыі, Рада вырашыла
вызначыць дадатковы сьпіс асобаў адказных за сур'ёзныя парушэньні правоў
чалавека і за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і
дэмакратычнай апазыцыі, да якіх будуць ужытыя візавыя абмежаваньні і
замарожаньне ўкладаў. Рада таксама вырашыла уключыць у сьпіс бізнэсоўцаў
і кампаніі, якія маюць прыбытак дзякуючы рэжыму або падтрымліваюць яго.
Была дамоўлена, што сьпіс будзе пашырацца на наступных паседжаньнях
Рады, пакуль у Беларусі ня будуць вызваленыя ўсе палітзьняволеныя. Сьпіс
асобаў і фірмаў, да якіх ужываюцца абмежавальныя захады Эўразьвязу,
застаецца адкрыты і будзе ўвесь час пераглядацца».
Рада зноў заклікае Беларусь паважаць міжнародна прызнаныя прынцыпы
дыпляматычнай недатыкальнасьці і прывілеі дыпляматычных прадстаўніцтваў
краінаў ЭЗ у Менску і спыніць цяперашняе цкаваньне і запалохваньне.
У сувязі з плянаваным Чэмпіянатам сьвету па хакеі 2014 году Эўразьвяз
будзе інфармаваць Міжнародную фэдэрацыю хакею на лёдзе і нацыянальныя
фэдэрацыі аб сваёй глыбокай занепакоенасьці з прычыны непавагі з боку
Беларусі да правоў чалавека, вяршэнства законаў і дэмакратычных
прынцыпаў.
ЭЗ пацьвярджае сваю цьвёрдую наважанасьць надалей умацоўваць
узаемадзеяньне з народам Беларусі і грамадзянскай супольнасьцю і
падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні беларускага народу. Рада вітае
ініцыятыву Эўразьвязу «Эўрапейскі дыялёг аб мадэрнізацыі» зь беларускім
грамадзтвам у справе неабходных рэформаў для мадэрнізацыі Беларусі і
патэнцыйнага разьвіцьця дачыненьняў з ЭЗ, а таксама магчымай падтрымкі ў
гэтым з боку ЭЗ.
***
Дадаткі да сьпісу яшчэ не апублікаваныя, аднак удзельнікі паседжаньня паведамілі, што ў сьпіс трапілі толькі 2 бізнэсоўцы - Анатоль Тарнаўскі і Юры Чыж
і . У сьпісе фірмаў — кампанія Тарнаўскага "Унівэст", сярод астатніх —
тыя, што належаць Чыжу і Пефціеву. Аднак у сьпіс ня трапілі кампанія
Чыжа, якая супрацоўніцае з Славеніяй, і тры кампаніі, якія маюць
бізнэсовыя сувязі з Латвіяй.
Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі не хаваў, што ня зьвязвае з гэтымі санкцыямі вялікіх надзеяў:
«Гэта выказваньне нашай салідарнасьці зь беларускім грамадзтвам
і нэгатыўнай ацэнкі таго, што робяць улады»,— цытуе Сікорскага ПАП.
Польскі міністар падкрэсьліў, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі
пагаршаецца: «Некаторыя палітычныя зьняволеныя знаходзяцца на мяжы
сьмерці. Гэта ня можа быць пакінута без адказу».
Сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ і чые
актывы павінны быць замарожаны, Рада ЭЗ зацьвердзіла 31 студзеня 2011
года. Зараз у ім больш за 200 прозьвішчаў.
На паседжаньні Рады міністраў ЭЗ аналягічны сьпіс быў дапоўнены і
дачыненьні да Сырыі. Сярод 12 новых асобаў у сьпісе — жонка прэзыдэнта
Асма Асад і іншыя родныя і сваякі прэзыдэнта Башара Асада.
Афіцыйнае паведамленьне чакаецца пазьней.