Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюза на “Граніце” абскарджвае звальненне ў судзе
Алег Стахаевіч, кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве “Граніт”, абскарджвае звальненне ў судзе Лунінецкага раёна. Судовае паседжанне адбудзецца 27 сакавіка. Пазоў у суд быў накіраваны Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў.
Юрыст Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова, якая вядзе справу, кажа, што ёсць дзейсныя аргументы на карысць Стахаевіча. Па словах Яськовай, парушана працэдура звальнення па арт. 43 Працоўнага кадэкса РБ. Калі ў наймальніка ёсць вакансія, якая патрабуе перанавучання і работнік напісаў адпаведную заяву, то перанавучанне – абавязак наймальніка. Другой памылкай наймальніка юрыст называе тое, што незалежнаму прафсаюзу, сябрам якога з’яўляецца Алег Стахаевіч, не паведамілі пра яго звальненне за два тыдні. Зыходзячы з адпаведнай пастановы Пленума Вярхоўнага суда, калі ў выпадку звальнення не апавешчаны прафсаюз, то гэта хоць і не з’яўляецца прычынай для ўзнаўлення на працы, але прадугледжвае перанос даты звальнення. Да таго ж, Алег не меў ніякіх дысцыплінарных спагнанняў на працы і выступаў як спартовец за “Граніт”. Ён мае дзве вышэйшыя адукацыі, спецыяльнасць горнага інжынера. У газетах пра яго пісалі як пра аднаго з лепшых працаўнікоў.
Непажаданым для кіраўніцтва прадпрыемства Алег Стахіевіч стаў, калі захацеў рэалізаваць сваё права на стварэнне незалежнага прафсаюза. І пры канфлікце на “Граніце” яго пазіцыя як лідэра прафсаюза была прынцыповай – прыкласці ўсе намаганні, каб абараніць сваіх сябраў.
Нагадаем, кафлікт на РУВП “Граніт” ў горадзе Мікашэвічы Брэсцкай вобласці ўзнік з-за таго, што некалькі соцень працаўнікоў у канцы 2011года напісалі заявы на выхад з афіцыйнага прафсаюза. Яны абвесцілі пра стварэнне на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюза. З гэтага моманту распачаўся ціск на сябраў незалежнага прафсаюза з боку адміністрацыі.