viasna on patreon

Алег Гулак і Гары Паганяйла абскарджваюць у судзе ўнясенне ў спісы "невыязных"

2012 2012-03-21T16:10:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак і старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла падалі ў суд скаргі на дзеянні Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі.

Нагадаем, на мінулым тыдні Алег Гулак і Гары Паганяйла атрымалі з мясцовых аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі даведкі аб наяўнасці іх прозвішчаў у банку даных аб «невыязных».

Паводле атрыманых даведках, у дачыненні да Гулака ёсць грамадзянская справа, па якой ён выступае адказчыкам, а Паганяйла з'яўляецца даўжніком па справе аб банкруцтве або зацiкаўленай асобай у адносiнах да даўжнiка.

У падобных выпадках рашэнне аб часовым абмежаванні права на выезд прымаецца судом, звесткі перадаюцца ў Міністэрства юстыцыі, і ўжо Мінюст падае іх у МУС, які і вядзе банк дадзеных.

Аднак у Міністэрстве юстыцыі патлумачылі, што дадзеныя аб унясенні Паганяйла і Гулака ў падобны спіс адсутнічаюць.

Акрамя таго, аб увядзенні абмежаванняў на выезд грамадзянін павінен быць апавешчаны на працягу адных сутак органам, які вынес рашэнне аб такім абмежаванні.

У сваіх скаргах абодва праваабаронцы настойваюць, "... што абмежаванне ўведзена выключна ў сувязі з маёй актыўнай грамадскай дзейнасцю, гэта значыць па дыскрымінацыйных падставах ў парушэнне арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах".

Алег Гулак і Гары Паганяйла просяць «абавязаць Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ліквідаваць дапушчаныя парушэнні - выключыць мяне з баз дадзеных асоб, якім часова абмежавана права на выезд з Рэспублікі Беларусь».

Раней БХК ужо накіраваў у Генпракуратуру зварот па фактах неаднаразовых забаронаў на выезд прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Акрамя таго, Гары Паганяйла і Алег Гулак накіравалі індывідуальныя звароты ў Генпракуратуру, МУС і Мінюст.

Узор скаргі ў суд у выпадку неправамернага ўнясення ў «спіс невыязных».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства