viasna on patreon

Камітэт па правах чалавека ААН: Беларусь абавязана выдаваць целы расстраляных і паведамляць пра дату смерці іх сем'ям

2012 2012-03-21T10:13:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/united_nations1.jpg

Маці Уладзіслава Кавалёва звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай выдаць ёй цела расстралянага сына. Раней Камітэт ААН па правах чалавека ўжо прыняў рашэнне, якое абавязвае Беларусь выдаваць целы пакараных смерцю іх сваякам і паведамляць пра дату смерці.

17 сакавіка сваякі Уладзіслава Кавалева и Дзмітрыя Канавалава былі праінфармаваныя аб выкананні смяротных прысудаў.

Згодна з беларускім заканадаўствам, целы пакараных сваякам не выдаюцца, аб месцы пахавання не паведамляецца, і нават дакладная дата смерці застаецца невядомай. Адзіная інфармацыя, якую атрымліваюць сваякі - гэта паведамленне аб факце прывядзення смяротнага прысуду ў выкананне.

У снежні 2011 года ў Камітэт па правах чалавека ААН ад імя Уладзіслава Кавалёва была накіравана скарга аб парушэнні права на жыццё. Камітэт, у адпаведнасці з працэдурай разгляду падобных скаргаў, накіраваў афіцыйным асобам Беларусі просьбу аб адтэрміноўцы смяротнага пакарання да разгляду справы па сутнасці. Улады Беларусі гэтую просьбу праігнаравалі.

Старшыня Камітэта Зонке Занэле Маёдзіна заявіла, што справа Уладзіслава Кавалёва будзе разгледжана, нягледзячы на выкананне смяротнага прысуду.

Раней у Камітэт ўжо неаднаразова паступалі скаргі ад імя асуджаных да смяротнага пакарання. Ігар Ляшкевіч і Антон Бандарэнка былі расстраляныя да разгляду іх спраў у Камітэце па правах чалавека. Паведамленні па іх справах былі зарэгістраваныя ўжо пасля пакарання, тым не менш, справы былі разгледжаны Камітэтам па сутнасці.

“Камітэт па правах чалавека, разгледзеўшы гэтыя справы, прыняў Меркаванні, у якіх прызнаў сакрэтнасць вакол смяротнага пакарання жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем са сваякамі расстраляных. Такое абыходжанее, на думку Камітэта, парушае артыкул 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах:

Камітэт лічыць, што абстаноўка поўнай сакрэтнасці ў дачыненні да даты пакарання смерцю і месца пахавання і адмова ў выдачы цела для пахавання раўнацэнныя запалохванню ці пакаранню сем'яў, паколькі іх наўмысна пакідаюць у стане нявызначанасці і псіхічных пакут. Камітэт лічыць, што першапачатковая адмова ўлад паведаміць аўтару пра запланаваную дату пакарання яе сына і іх наступная настойлівая адмова паведаміць ёй месца яго пахавання ўяўляюць сабой бесчалавечнае абыходжанне з аўтарам у парушэнне артыкула 7 Пакта”.

Акрамя таго, Беларусь абавязалі забяспечыць сваякам расстраляных эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы інфармацыю аб месцы іх пахавання і кампенсацыю за перанесеныя пакуты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства