Орша: улады выкарыстоўваюць новаўвядзенні пры забаронах пікетаў
Аршанскі гарвыканкам у чарговы раз адмовіў актывістам партыі левых «Справядлівы свет» у правядзенні пікетаў сацыяльна-эканамічнай тэматыкі.
На гэты раз чыноўнікам ад улады не спадабалася, што аўтары не ўказалі ў заяўках крыніцы фінансавання масавага мерапрыемства.
Грамадскім актывістам, праўда, не вельмі зразумела, якое такое фінансаванне патрабуецца, каб ад рукі напісаць плакат або расцяжку для пікету. Але з унясеннем змяненняў у Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» у артыкуле 5 з'явілася патрабаванне ўказваць крыніцу фінансавання масавага мерапрыемства ў заяве аб правядзенні масавага мерапрыемства.
Падобна на тое, што ўладам не проста зразумець, што адстойваць тыя або іншыя ідэі можна без усялякіх спонсараў, на валанцёрскай аснове.
Яшчэ адна прычына для адмовы - традыцыйная: няма дагавораў з міліцыяй, установамі аховы здароўя і камунальнымі службамі.
Заяўнікі маюць намер абскардзіць ўсе адмовы мясцовай улады, у тым ліку, атрыманыя ў студзені і лютым, калі таксама падаваліся заяўкі на пікеты.