Актывісты Бялыніцкага раёна віншуюць палітвязняў з Днём Волі
Лісты са словамі падтрымкі і віншаванні з надыходзячым Днём Волі даслалі ўсім беларускім палітвязням 20 сакавіка грамадскія актывісты з Бялыніцкага раёна.
“Віншаванні давялося ў асноўным пісаць ў лістах, бо, на жаль, віншавальных паштовак са святам 25 Сакавіка здолелі набыць усяго некалькі, - распавядае Барыс Вырвіч. – Мы пажадалі палітвязням захоўваць аптымізм і веру ў тое, што ў хуткім часе ўсё будзе добра як у іх асабіста, так і ў жыцці ўсёй нашай краіны. Спадзяемся, што наша падтрымка хоць крыху палепшыць настрой гэтым мужным людзям”.
Па словах Барыса Вырвіча, у чарговых нумарах рэгіянальных маланакладных газет “Рэгіён” і “Паходня” будуць змешчаны інфармацыйныя матэрыялы пра беларускіх палітвязняў:
“Мы павінны нагадваць жыхарам краіны, што ў беларускіх турмах і выпраўленчых калоніях знаходзяцца людзі, якія адбываюць пакаранне толькі за свае палітычныя перакананні”.