viasna on patreon

Адказнасць за жыццё

2012 2012-03-20T13:00:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sazonauu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Сазонаў

Віктар Сазонаў

Расстрэл. Гучыць жудасна і нечакана. Хоць усе ведалі, што так можа здарыцца, а хутчэй за ўсё так і будзе, усядно гэтая навіна прагучала нечакана.

Які можа быць расстрэл!? У нас што тут, вайна пачалася, ворагі, іншаземныя салдаты, марадзёры, здраднікі? Якая неабходнасць забіваць чалавека? Можа трэба імкліва адступаць нашым войскам у тыл а варожага дыверсанта няма куды дзець, як толькі паставіць да сцяны, ці што? Ці якая яшчэ такая прычына ёсць, што чалавека трэба абавязкова забіць!?

На гэтае пытанне знайсці адказу не магу. Хоць трэба яго шукаць нават зараз, калі ўжо позна. Калі людзей ужо няма ў жывых. І не пра тое гаворка, вінаватыя яны ці не. Ці цалкам даказаная іх віна, ці бок абвінавачання чаго не даглядзеў. Ці яшчэ што горш. Зусім не пра тое размова. А толькі пра тое, навошта гэта рабіць?

Зрэшты, гэта не першыя расстраляныя ў Беларусі людзі. Пасля таго, як на рэферэндуме 1996-га году беларускае грамадства прагаласавала за смяротную кару, за тое, каб дзяржава мела права забіваць людзей, дзяржава гэтае права рэалізоўвае. Рэалізоўвае ад імя народу, які надзяліў такімі паўнамоцтвамі дзяржаўную сістэму. І сама крыўднае, што яна мае права гэта рабіць ад імя народу, бо народ узяў на рэферэндуме бюлетэні і паставіў галачку у графе “за”. За смяротнае пакаранне.

Людзі выбралі смерць. Зразумела, што смерць для некага. Не для сябе ж. А ўсяго толькі для бліжняга. Але ў жыцця своеасаблівае пачуццё гумару. Бо многія сваякі расстраляных, як галасавалі за смерць, не думалі, што гэта можа тычыцца непасрэдна іх і іх блізкіх. Не задумаліся, што бяда можа пастукаць ва ўсякія дзверы.

А большасць з тых, хто тады галасаваў на рэферэндуме, не захацелі зразумець, а мо ўсё разумелі, але не захацелі прызнацца, што кожны грамадзянін нясе адказнасць за стан злачынства ў грамадстве. Не захацелі ўзяць гэтую адказнасць на сябе. Спіхнулі на некага. На дзяржаву. Няхай, маўляў, нехта там разбіраецца і прымае рашэнні. Хоць добра ведалі, што няма на свеце дзяржавы, якая можа гарантаваць, што ні разу не памыліцца яе судовая і следчая сістэма. І добра ведалі факты, калі такія трагічныя памылкі рабіліся ў мінулым. А калі і не ведалі, то значыць не хацелі ведаць. Уцякалі ад праўды. Ды як сказаў мудрэц: “Няведанне не ёсць апраўданне. Усе няведальнікі ў пекла пойдуць”. І нават тыя, хто ў замагільнае жыццё прынцыпова не верыць.

Выбар нашага народу тады паў на смерць. Ці не за гэты выбар увесь народ зараз нясе пакуты і адказнасць? Бо можна памыліцца ў выбары дэпутата, кіраўніка краіны, выбары вектару развіцця, выбару з кім сябраваць і з кім інтэгравацца. Можна памыліцца нават у выбары палітычнай сістэмы. Гэта не так важна. Гэта ўсяго толькі памылка, якую можна выправіць пры вялікім жаданні большасці грамадства. Але расстралянага чалавека да жыцця ўжо не вернеш. І таму выбраць смерць, гэта не памылка. Гэта погляд на сусвет, прага помсты і нават стан характару. Гэта духоўны стан, калі слова “духоўны” увогуле можна прымяняць да такога стану. Гэта жудасны негатыў у чалавечых душах. Чарната і пустата.

І калі ёсць пасля 1996-га году хоць адзін нявінна забіты дзяржаўнай машынай чалавек, то кожны грамадзянін гэтай краіны нясе адказнасць за гэтае загубленае жыццё. І той хто агітаваў на рэферэндуме за кару смерці, і той, хто галасаваў за яе. І той хто не прыйшоў галасаваць, тым самым абыякава паставіўшыся да пытання жыцця і смерці. І нават той, хто прагаласаваў супраць. Бо не змог адстаяць сваю праўду. Пабаяўся. Ці яшчэ горш – паленаваўся.

І калі мы наракаем, што мы адзіная краіна ў Еўропе якая не з Еўропай, ці мы адзіныя ў Еўропе каму трэба візы ў Еўропу, ці мы адзіныя ў Еўропе, хто жыве не так, як у Еўропе, то трэба найперш усвядоміць, што мы адзіная ў Еўропе краіна, якая практыкуе смяротнае пакаранне. Мы адзіныя, з усёй супольнасці еўрапейскіх народаў паставілі галачку “за” у графе за смяротнае пакаранне.

Віктар Сазонаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства