Пракуратура Брэсцкай вобласці папярэдзіла карэспандэнта Радыё Рацыя (копія дакумента)
Карэспандэнт Радыё Рацыя Зміцер Кісель раніцай 19 сакавіка наведаў пракуратуру Брэсцкай вобласці, дзе атрымаў афіцыйнае папярэджанне “аб недапушчальнасці здзяйснення правапарушэнняў”.
У тэксце папряджэння, падпісанага намеснікам пракурора А.Тачко, гаворыцца, што па выніках вывучэння звестак, размешчаных у Інтэрнэце, выяўлена парушэнне Змітром Кісялём “парадку ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці журналіста замежнага сродка масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Размова ідзе пра інфармацыйныя матэрыялы, якія выстаўлены на сайце Радыё Рацыя за подпісам Кісяля.
Далей у тэксце папярэджання нагадваецца, што працаваць на замежныя СМІ ў Беларусі без адпаведнай акрэдатацыі забаронена, а Міністэрства замежных спраў РБ такую акрэдытацыю Зміцеру Кісялю не выдавала.
“Пры пазначаных абставінах ажыццяўляемая Вамі дзейнасць журналіста замежнага сродка масавай інфармацыі супрацьпраўная і недапушчальная”, - адзначаецца ў дакуменце абласной пракуратуры. Зміцер Кісель папярэджаны, што ў выпадку здзяйснення падобных дзеянняў у далейшым ён будзе прыцягнуты да адказнасці.
Тэкст афіцыйнага папярэджання ўручыў Кісялю пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Алег Леванчук, які пры гэтым нагадаў карэспандэнту Радыё Рацыя, што два гады таму яму ўжо было вынесена аналагічнае папярэджанне.
Калі меркаваць па пісьмовай версіі, абвешчанае сёння папярэджанне брэсцкаму журналісту было падрыхтавана яшчэ 27 лютага.