Беларускія ўлады працягваюць брутальнае зьнішчэньне Менску
Па зьвестках "Нашай Нівы", па Калядах плянуецца знос старога будынку ля гатэлю «Беларусь», у якім месьціцца Дом дзіцячае творчасьці. Цягам бліжэйшых дзьвух гадоў на ягоным месцы й на тэрыторыі старасьвецкіх Старажоўскіх могілак на Пярэспе будзе пабудаваны расейскі бізнэс-цэнтар «Дом Масквы». Ініцятыва сыходзіць ад маскоўскага правадыра Лужкова. Пад ягоны пражэкт выдаткавана агулам 3 гэктары старажытнага менскага прадмесьця Пярэспа.
Праект гэтай спаруды ўжо прайшоў усе ўзгадненьні, цяпер вядуцца падрыхтоўчыя працы пад будоўлю. «Дом Масквы» мусіць стаць новым сымбалем Менску.
Акурат з гэтым месцам народнае паданьне лучыць Млын волата Мянеска, што стаяў колісь тут. Ад гэтага ўрочышча над рэчкай Пярэспай, на шляху Віленскім, паводле легэнды й пачаўся Менск. У XVIII стагодзьдзі тут узьніклі праваслаўныя Старажоўскія могілкі. У 1985-1986 іх часкткова зруйнавалі й разрабавалі. Цяпер гэты помнік археалёгіі, гісторыі й прыроды будзе зьнішчаны цалкам.
А з боку Траецкага прадмесьця будзе разбудавана вуліца Старавіленская. Тамака, на месцы старасьвецкіх кварталаў, вырасьце буйнейшы жыльлёвы комплекс з паркінгамі й бізнэс-цэнтрамі.