Берасьцейскаму каардынатару БХД Алесю Чаркашыну пракалолі колы ў аўто
У аўтамабілі каардынатара аргкамітэту па стварэнні Партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" па Берасьці Алеся Чаркашына пракалолі тры з чатырох колаў. Палітык бачыць у гэтым палітычны падтэкст.
Паводле яго словаў, раніцай 15 сакавіка ён заўважыў, што колы аўтамабіля парэзаныя. Актывіст перакананы, што гэта было зроблена адмыслова.
“Напачатку я падумаў, што гэта нейкія звычайныя хуліганы. Але потым зразумеў,
што хутчэй за ўсё тут ёсьць палітычны падтэкст. Бо на заўтра палітзьняволены,
сустаршыня БХД Павал Севярынец заклікаў вывешваць па ўсёй краіне нацыянальныя
сьцягі ў падтрымку Сяргея Каваленкі, які галадае ў турме. Фактычна Сяргей зараз
на мяжы жыцьця і сьмерці, таму нам вельмі важна быць салідарнымі зь ім,
падтрымаць яго. Таму я прадчуваю, што нехта перастрахаваўся, каб я часам
не паехаў вывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі. Атрымаў вось такі падарунак на
Дзень Канстытуцыі. А салідарнасьць з Каваленкам мы ўсё роўна выкажам, і нават
не перад гэтымі ўладамі, а перад Богам. Мы горача молімся за Сяргея. І гэта –
найлепшая салідарнасьць”, - адзначыў ён.
Пры гэтым Алесь Чаркашын паведаміў, што пакуль ня вызначыў, ці зьвяртацца
наконт здарэньня ў праваахоўныя органы. Ён лічыць гэта бессэнсоўным.