Іван Шыла патрабуе закрыць Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску
Актывіст міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Іван Шыла патрабуе закрыць Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна ў Мінску да прывядзення яго ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства.
Адпаведную заяву Шыла накіраваў 15 сакавіка ў пракуратуру Мінска, а таксама ў Рэспубліканскую санітарна-эпідэміялагічную станцыю МУС, паведаміла БелаПАН намеснік старшыні арганізацыі Анастасія Палажанка.
Шыла лічыць, што ўмовы ўтрымання ў ЦІП парушаюць артыкул 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах "Забарона катаванняў ці жорсткага бесчалавечнага абыходжання ці пакарання, што зневажае чалавечую годнасць".
Актывіст заяўляе пра поўную адсутнасць мэблі ў камерах, "што парушае артыкул 25 правілаў унутранага распарадку"; нізкую тэмпературу і адсутнасць вентыляцыі; фактычную адсутнасць спальнага месца і пасцельнай бялізны; нездавальняючы санітарна-гігіенічны стан камеры, што зневажаюць чалавечую годнасць; недастатковае асвятленне; забарону прадуктовых перадач і недаванне пітной вады; адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі.
Шыла патрабуе прызнаць умовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама жорсткімі, бесчалавечнымі, якія зневажаюць чалавечую годнасць, правесці праверку і закрыць установу да прывядзення яе ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства.