Старшыня БХК Алег Гулак стаў невыязным?
14 сакавіка Алег Гулак звярнуўся ў міграцыйную службу Фрунзенскага РУУС з пытаннем пра тое, ці знаходзіцца яго прозвішча ў спісе асоб, якім часова абмежаваны выезд за межы Рэспублікі Беларусь. У адказ было паведамлена, што такая забарона ў дачыненні да яго дзейнічае.
Старшыня БХК атрымаў пісьмовую даведку аб тым, што яму з 5-га сакавіка 2012 г. забаронены выезд за мяжу ў сувязі з прад'яўленым яму грамадзянскім пазовам. Па звестках, якія змяшчаюцца ў даведцы, інфармацыя аб прад'яўленым пазове дадзена Міністэрствам юстыцыі.
Аднак у Мінюсце абверглі факт прадастаўлення ў міграцыйную службу падобнай інфармацыі. У спісах невыязных, наяўных у Міністэрстве, Алег Гулак не значыцца.
У цяперашні час супрацоўнікі Мінюста праводзяць праверку па звестках аб абмежаванні выезду за мяжу ў дачыненні да старшыні БХК.