Паўла Вінаградава з трэцяй спробы хочуць асудзіць за брыдкаслоўе
У судзе Маскоўскага раёна Менска сёньня ў 16-10 працягнецца разгляд адміністратыўнай справы актывіста кампаніі "Гавары праўду" Паўла Вінаградава, якога вінавацяць у дробным хуліганстве (арт 17.1 КаАП РБ). Учора суддзя запатрабаваў дадатковых сведкаў з боку міліцыі.
Суд распачаўся яшчэ 5 сакавіка, аднак суддзя Яўген Хаткевіч адправіў пратакол на дапрацоўку ў РУУС Маскоўскага раёна, а Вінаградава вызвалілі да суда. Тыдзень супрацоўнікі міліцыі перараблялі пратаколы, аднак сфальсіфікаваць іх так і не атрымалася.
У той жа час Павел Вінаградаў таксама шукае сведкаў са свайго боку. Ён звярнуўся праз facebook да тых, хто сустракаў яго каля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў 2 сакавіка, каб засведчыць, што яго ўвогуле не вызвалялі пасьля адбыцьця папярэдняга пакараньня праз цэнтральныя вароты.
Паўла Вінаградава абвінавацілі ў тым, што нібыта ён, пасьля вызваленьня з ізалятара на Акрэсціна 2 сакавіка лаяўся матам каля крамы «Кірмаш» (вул.Ясеніна, 12). Па словах міліцыянтаў, яны здзяйсьнялі звычайнае патруляваньне і звярнулі ўвагу на Вінаградава.