viasna on patreon

Справа Мікалая Уласевіча: судовыя выдаткі не вярнулі, у касацыйнай скарзе адмовілі

2012 2012-03-12T20:07:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ulasevichmikola.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Грамадска-палітычны актывіст Мікалай Уласевіч

Грамадска-палітычны актывіст Мікалай Уласевіч

   12 сакавіка ў Гарадзенскім абласным судзе на паседжанні судовай калегіі па грамадзянскіх справах былі разгледжаны дзве прыватныя скаргі на вызначэнні суду Ашмянскага раёну па справе Мікалая Уласевіча (на фота). Адну з гэтых скаргаў падаваў сам Уласевіч, другую – яго прадстаўнік у судзе ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту Гары Паганяйла. Першая скарга датычыла таго, што суд Ашмянскага раёну адмовіў Уласевічу ў прыняцці дадатковага рашэння ў дачыненні да судовых выдаткаў. Паколькі рашэннем суду пазоў грамадзяніна Дзятко быў задаволены толькі часткова, Уласевіч меў права на атрыманне кампенсацыі судовых выдаткаў прапарцыянальна задаволенай часткі скаргі.

Нагадаем, што пастановай суду Ашмянскага раёну часткова задаволены пазоў індывідуальнага прадпрымальніка, дырэктара будаўнічай фірмы Андрэя Дзятко, да грамадскага актывіста з мястэчка Варняны, каардынатара рэгіянальнай ініцыятывы “Астравецкая атамная станцыя – гэта злачынства” Мікалая Уласевіча. Ісцец патрабаваў ажно 30 мільёнаў беларускіх рублёў як кампенсацыю яму маральных стратаў. Суд вызначыў, што Уласевіч мусіць выплаціць яму 1 мільён рублёў, а судовыя выдаткі бакі мусяць сплаціць папалам. Стартавай прычынай працэсу стала скарга Уласевіча, якую ён падаў яшчэ ў красавіку 2011 году на шматразовыя злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі старшыні Астравецкага райвыканкаму Адама Кавалько. Скарга была накіравана ў Генеральную пракуратуру і Савет Бяспекі пры прэзідэнце. У выніку адзін з фігурантаў скаргі па фактах парушэння заканадаўства, індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Дзятко, які на думку Уласевіча неаднаразова атрымліваў прэферэнцыі ад галоўнага “вертыкальшчыка” раёну, падаў на грамадскага актвсіта ў мясцовы суд. Справа мусіла разглядацца ў Астравецкім раённым судзе, але нечакана была перанесена ў Ашмянскі.

   Скарга ж, пададзеная Гары Паганяйлам, тычылася адмовы таго ж суда прыняць ад яго касацыйную скаргу на рашэнне суду па справе Уласевіча. Матыў адмовы Ашмянскага суду зводзіўся да таго, што нібыта Уласевіч не даў асабістую пісьмовую даверанасць свайму прадстаўніку на абскарджанне рашэння суду.

   У абодвух выпадках судовая калегія адмовіла ў задавальненні гэтых прыватных скаргаў, не патлумачыўшы прысутнаму Уласевічу сутнасці адмовы. Мікалай Уласевіч лічыць: “Усё гэта заканамерна, паколькі першасная судовая справа мае на маю думку “заказны” характар. Адсюль і вынікаюць такія рашэнні. Што датычыць адмовы прыняць скаргу ад майго прадстаўніка Паганяйлы, то гэта не адзіная адмова такога кшталту ў гэтай доўгай судовай справе. Такую ж адмову атрымала і мая іншая прадстаўніца – Наталля Мацкевіч яшчэ ў студзені. Матыў той адмовы такі, што нібыта за касацыйную скаргу не была заплачана дзяржпошліна. Аднак, яна была заплачана, нават у двайным памеры і своечасова. Таму лічу ў гэтым выпадку адмову прыняць касацыйныя скаргі ад абодвух прадстаўнікоў грубым парушэннем канстытуцыйнага права, гарантаванага артыкулам 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Што датычыць маёй асабістай прыватнай скаргі, то тут адмова ёсць прамым парушэннем артыкула 345 Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства