Рэдактар рагачоўскага “Свабоднага слова” вінаваціць грамадскага актывіста ў парушэнні аўтарскіх правоў
У Рагачове мясцовая міліцыя склала адміністрацыйны пратакол у дачыненні да грамадскага актывіста Дзяніса Дашкевіча паводле артыкулу 9.21 КаАП РБ. Яго вінавацяць ў парушэнні аўтарскіх, сумежных і патэнтных правоў.
Заяву ў пракуратуру напісаў рэдактар афіцыйнай раённай газеты “Свабоднае слова” Андрэй Шышкін. Ён незадаволены тым, што на незалежным навінным сайце vrоgаcheve.ru без дазволу рэдакцыі надрукавана 9 матэрыялаў з газеты, а таксама фотаздымак старшыні райвыканкаму Віктара Банчука. Міліцыя вырашыла, што я з’яўляюся адміністратарам сайту, таму і склала супраць мяне адміністрацыйны пратакол, які збіраецца перадаць у суд”, - паведаміў спадар Дашкевіч.
Па словах Дашкевіча, у Рагачове незалежны сайт карыстаецца вялікай папулярнасцю. На сайце неаднаразова ўздымаліся мясцовыя праблемы (з транспартам, ЖКГ і іншым), крытыкаваліся дзеянні ўладаў.
Галоўны рэдактар “Свабоднага слова” Андрэй Шышкін адмаўляецца каментаваць свае прэтэнзіі да незалежнага сайту vragocheve.ru. Кажа, што выклаў свае прэтэнзіі ў лісце ў пракуратуру: “Я супраць парушэння закону – яны дазваляюць сабе парушаць. Наш бок адстойвае пракуратура, міліцыя, суд”.