Беларускі ўрад аспрэчвае скаргі сваіх грамадзян у ААН
Кіраўніцтва краіне не пагаджаецца з тым, што Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў 56 скаргаў беларусаў.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, урад Беларусі сцвярджае, што індывідуальныя скаргі зарэгістраваныя з парушэннем Факультатыўнага пратакола да Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. У прыватнасці, пры рэгістрацыі скаргаў не павінны ўлічвацца правілы працэдуры Камітэту, яго метады працы і прэцэдэнтнае права. Беларускія чыноўнікі маюць намер расцэньваць рашэнні, прынятыя камітэтам па гэтых скаргах, як несапраўдныя.
Па словах Рамана Кісляка, Камітэт ААН па правах чалавека спецыяльна заснаваны для кантролю выканання дзяржавамі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Факультатыўнага пратакола да яго. Пачынаючы з 1977 года, Камітэт штогод прымаў дзясяткі актаў тлумачэння самога Пакта і Факультатыўнага пратакола, якія з’яўляюцца правіламі для ўсіх дзяржаў Пакта, у тым ліку для Беларусі. А цяпер Беларусь патрабуе, каб Камітэт адмовіўся ад усяго што ён напрацаваў за гады свайго існавання і замяніў сваё тлумачэнне Пакта на інтэрпрэтацыю адной з дзяржаваў. Таму Камітэт увогуле не можа адмяніць рэгістрацыю індывідуальных скаргаў грамадзян.