У Барысаве затрымалі актывістаў Анатоля Аскерку і Івана Шутко
Каля 11-й гадзіны да актывіста Партыі БНФ з Барысава Анатоля Аскеркі дадому прыехалі міліцыянты і забралі яго ў раённы аддзел міліцыі. Пра гэта ён пасьпеў паведаміць праваабаронцу Алегу Мацкевічу па тэлефоне. На дадзены момант сувязь з актывістам адсутнічае.
Дакладная прычына затрыманьня пакуль невядомая. Як распавяла жонка Анатоля Аскеркі, міліцыянты патлумачылі затрыманьне тым, што “у суседа пракалолі альбо зьнялі шыны”.
Анатоль Аскерка зьвязвае дзеяньні міліцыі з акцыяй у падтрымку зьняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, якая прайшла 8 сакавіка ў Барысаве. Актывіст мяркуе, што на яго могуць скласьці пратакол за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня пікетаваньня.
Прыкладна ў той самы час быў затрыманы і дастаўлены ў раённы аддзел міліцыі Барысава моладзевы актывіст Іван Шутко.