Паўторны суд над Аляксандрам Крутым адбудзецца 19 сакавіка
Паўторны разгляд па справе жыхара Менска Аляксандра Крутога, якога прысудзілі да прымусовага лячэньня, прызнаўшы недзеяздольным, адбудзецца 19 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Менска. Суддзёй прызначаны Яўген Хаткевіч.
Аляксандра Крутога абвінавацілі па ч.1 арт.339 Крымінальнага Кодэксу (хуліганства), а 7 сьнежня 2011 года суддзя суду Маскоўскага раёну Менска Аляксандар Кострыкаў у закрытым паседжаньні прызнаў Аляксандра Крутога псіхічна неўраўнаважаным і прызначыў яму прымусовае лячэньне.
Нагадаем, што 20 верасьня 2011 года Аляксандар Круты быў затрыманы міліцыяй у Менску паводле абвінавачаньня ў хуліганстве. 22 верасьня старшыня ў судзе па тэракце Аляксандар Федарцоў часткова зачытаў пастанову аб затрыманьні Крутога. У ёй сказана, што Круты «17 жніўня, знаходзячыся ў кабінэце адной з медыцынскіх устаноў Менску, наўмысна ўчыніў хуліганскія дзеяньні з асаблівым цынізмам і зьнявагай да нормаў маралі». Гэта праявілася ў тым, што ён «выліў зьмесьціва двух слоікаў з мачой на галоўнага ўрача». Паводле накіраваньня пракурора Круты быў адпраўлены ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя (Навінкі).
На 10 лютага быў прызначаны разгляд касацыйнай скаргі ў Менгарсудзе. Папярэдняе судовае рашэньне было адмененае Менскім гарадскім судом і накіраванае на новы разгляд, аднак Крутога з-пад варты не вызвалілі. Ад 20 верасьня Аляксандр Круты знаходзіўся ў СІЗА Жодзіна, а 29 лістапада яго накіравалі ў СІЗА №1 Менска на Валадарскай.